1 Кар 8
 1  Адносна ахвяраў ідалам мы ведаем, бо маем усякае веданьне. Але веданьне робіць ганарыстым, а любоў будуе. 
 2  А калі хто думае, што ён нешта ведае, той яшчэ нічога не разумее, як трэба разумець. 
 3  А калі хто любіць Бога, той мае разуменьне ад Яго. 
 4  Дык адносна ежы, ахвяраванай ідалам, мы ведаем, што ідал у сьвеце — нішто, і што няма іншага Бога, акрамя Аднаго. 
 5  Бо хаця і ёсьць гэтак званыя богі, ці ў небе, ці на зямлі, бо ёсьць шмат багоў і шмат гаспадароў, 
 6  але ў нас адзін Бог Айцец, з Якога ўсё, і мы для Яго; і адзін Госпад Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё, і мы праз Яго. 
 7  Але не ў-ва ўсіх такое веданьне; некаторыя і дагэтуль з сумленьнем, [якое прызнае] ідалаў, і ядуць [ахвяраванае ідалам] як ахвяры ідалам, і слабое сумленьне іхняе апаганьваецца. 
 8  А ежа не набліжае нас да Бога, бо ані калі ямо, не набываем, ані калі не ямо, не губляем. 
 9  Але глядзіце, каб вашая ўлада ня сталася спатыкненьнем для нядужых. 
 10  Бо калі хто ўбачыць, што ты, які маеш веданьне, узьлягаеш у паганскай бажніцы, ці сумленьне яго, як слабога, не збудуецца, каб есьці ахвяры ідалам? 
 11  І праз тваё веданьне загіне нядужы брат, за якога памёр Хрыстос. 
 12  А гэтак грэшачы супраць братоў і б’ючы па слабым сумленьні іхнім, вы грашыцё супраць Хрыста. 
 13  Дзеля гэтага, калі ежа горшыць брата майго, ня буду есьці мяса давеку, каб ня горшыць брата майго.