1 Кар 11
 1  Станьцеся пераймальнікамі маімі, як і я — Хрыста. 
 2  Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё памятаеце і трымаецеся традыцыі так, як я перадаў вам. 
 3  Хачу, каб вы ведалі, што ўсякаму мужу галава Хрыстос, а галава жонцы — муж, а галава Хрысту — Бог. 
 4  Усякі муж, які моліцца або прарочыць з накрытаю галавою, сароміць сваю галаву. 
 5  А ўсякая жанчына, якая моліцца або прарочыць з ненакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта тое самае, быццам яна паголеная. 
 6  Бо, калі жанчына не накрывае галавы, няхай стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна стрыгчыся ці галіцца, няхай накрывае галаву. 
 7  Бо муж не павінен накрываць галаву, бо ён — вобраз і слава Бога; а жонка ёсьць слава мужа. 
 8  Бо ня муж ад жонкі, але жонка ад мужа. 
 9  І ня муж створаны праз жонку, але жонка праз мужа. 
 10  Дзеля гэтага жонка павінна мець на галаве [знак] улады дзеля анёлаў. 
 11  Зрэшты, ані муж бяз жонкі, ані жонка бяз мужа, у Госпадзе. 
 12  Бо як жонка ад мужа, так і муж праз жонку, а ўсе — ад Бога. 
 13  Судзіце самі ў сабе, ці належыць жанчыне з ненакрытай галавою маліцца Богу? 
 14  Ці сама прырода ня вучыць вас, што калі мужчына расьціць валасы, гэта ганьба для яго, 
 15  а калі жанчына расьціць валасы, гэта слава для яе, бо валасы дадзеныя ёй замест адзеньня. 
 16  А калі хто думае спрачацца, мы ня маем гэткага звычаю, ані цэрквы Божыя. 
 17  А загадваючы гэтае, не хвалю вас, бо вы зыходзіцеся не на лепшае, але на горшае. 
 18  Бо, па-першае, чую, што калі вы зыходзіцеся ў царкве, між вамі ёсьць падзел, і я часткова веру, 
 19  бо мусяць быць між вамі і герэзіі, каб вартыя выявіліся між вамі. 
 20  Далей, калі вы зыходзіцеся разам, няма [ў вас] спажываньня вячэры Госпадавай, 
 21  бо кожны сьпяшаецца зьесьці ўласную вячэру, і адзін [застаецца] галодным, а другі ўпіваецца. 
 22  Хіба вы дамоў ня маеце, каб есьці і піць? Або пагарджаеце царквою Божаю і сароміце тых, якія ня маюць? Што скажу вам? Ці пахвалю вас за гэтае? Не пахвалю. 
 23  Бо я ад Госпада прыняў і тое вам перадаў, што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выдадзены, узяў хлеб 
 24  і, падзякаваўшы, паламаў і сказаў: «Вазьміце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас ломіцца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне». 
 25  Таксама і келіх пасьля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсьць Новы Запавет у Крыві Маёй. Гэта рабіце, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне». 
 26  Бо кожны раз, калі вы ясьцё хлеб гэты і п’іцё келіх гэты, сьмерць Госпада абвяшчаеце, аж пакуль Ён прыйдзе. 
 27  Так што хто есьць хлеб гэты ці п’е келіх Госпадавы нягодна, вінны будзе Цела і Крыві Госпадавай. 
 28  Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек і гэтак няхай есьць з хлеба гэтага і п’е з келіха гэтага. 
 29  Бо хто есьць і п’е нягодна, той есьць і п’е прысуд сабе, не зважаючы на Цела Госпадава. 
 30  Дзеля гэтага сярод вас шмат слабых і хворых, і даволі памірае. 
 31  Бо калі мы зважаем на саміх сябе, ня будзем суджанымі. 
 32  А калі мы суджаныя, Госпад карае нас, каб не былі мы асуджаныя разам са сьветам. 
 33  Так што, браты мае, зыходзячыся на вячэру, адзін на аднаго чакайце. 
 34  А калі хто галодны, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. А пра ўсё пазасталае загадаю, калі прыйду.