1 Кар 15
 1  Паведамляю вам, браты, Эвангельле, якое я дабравесьціў вам, і якое вы прынялі, і ў якім стаіцё, 
 2  і праз якое збаўляецеся, калі будзеце трымацца таго слова, якое я дабравесьціў вам, калі толькі не надарма паверылі. 
 3  Бо я найперш перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстос памёр за грахі нашыя паводле Пісаньняў, 
 4  і што Ён быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень, паводле Пісаньняў, 
 5  і што Ён зьявіўся Кіфе, а пасьля — Дванаццаці, 
 6  пасьля зьявіўся больш чым пяцістам братам за раз, з якіх многія дагэтуль жывуць, а некаторыя паўміралі; 
 7  пасьля зьявіўся Якубу, пасьля — усім апосталам, 
 8  а апошняму з усіх зьявіўся і мне, быццам неданоску. 
 9  Бо я — найменшы з апосталаў, які ня варты называцца апосталам, бо я перасьледаваў царкву Божую, 
 10  але з ласкі Бога ёсьць тым, кім ёсьць, і ласка Ягоная ў-ва мне не была дарэмнай, але я больш за іх усіх працаваў; дый ня я, але ласка Божая, якая са мною. 
 11  Дык ці я, ці яны, мы гэтак абвяшчаем, і вы гэтак паверылі. 
 12  А калі пра Хрыста абвяшчаецца, што Ён уваскрос з мёртвых, як некаторыя з вас кажуць, што няма ўваскрасеньня мёртвых? 
 13  Калі няма ўваскрасеньня мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрос; 
 14  а калі Хрыстос не ўваскрос, тады дарэмнае і абвяшчэньне нашае, дарэмная і вера вашая. 
 15  А нас знайшлі б фальшывымі сьведкамі Божымі, бо мы сьведчылі пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, Якога не ўваскрашаў, калі мёртвыя не ўваскрасаюць. 
 16  Бо калі мёртвыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрос; 
 17  а калі Хрыстос не ўваскрос, дык вера вашая марная, вы яшчэ ў грахах вашых. 
 18  Таму і тыя, якія памерлі ў Хрысьце, загінулі. 
 19  Калі мы толькі ў гэтым жыцьці спадзяемся на Хрыста, мы найбольш жалю годныя з усіх людзей. 
 20  Але цяпер Хрыстос уваскрос з мёртвых, стаўся Першынцам сярод памёршых. 
 21  Бо як праз чалавека сьмерць, гэтак праз чалавека і ўваскрасеньне мёртвых. 
 22  Бо як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак у Хрысьце ўсе ажывуць, 
 23  але кожны — у сваім парадку: Першынец — Хрыстос, пасьля — Хрыстовыя ў прыйсьце Ягонае, 
 24  а пасьля — канец, калі Ён перадасьць Валадарства Богу і Айцу, калі зьнішчыць усякае начальства, і ўсякую ўладу і сілу, 
 25  бо Яму належыць валадарыць, пакуль пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае. 
 26  Апошні вораг будзе зьнішчаны — сьмерць, 
 27  бо ўсё падпарадкаваў пад ногі Яго. А калі сказана, што ўсё падпарадкавана, зразумела, што акрамя Таго, Які падпарадкаваў Яму ўсё. 
 28  А калі ўсё будзе падпарадкавана Яму, тады і Сам Сын падпарадкуецца Таму, Які падпарадкаваў Яму ўсё, каб быў Бог усё ў-ва ўсім. 
 29  Іначай, што будуць рабіць тыя, якія хрысьцяцца дзеля мёртвых? Калі мёртвыя зусім не ўваскрасаюць, навошта хрысьціцца дзеля мёртвых? 
 30  Навошта і мы ўсякую гадзіну ў небясьпецы? 
 31  Я штодня паміраю, сцьвяржае гэта пахвала вашая, якую маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым. 
 32  Калі б я па-чалавечаму змагаўся са зьвярамі ў Эфэсе, якая мне карысьць, калі мёртвыя не ўваскрасаюць? «Будзем есьці і піць, бо заўтра памром!» 
 33  Не падманвайце сябе: благія таварыствы псуюць добрыя звычаі. 
 34  Працьверазіцеся на праведнасьць і не грашыце; бо некаторыя [з вас] ня ведаюць Бога, на сорам вам кажу. 
 35  Але скажа нехта: “Як уваскрэснуць мёртвыя? Ды ў якім целе прыйдуць?” 
 36  Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ. 
 37  І тое, што сееш, сееш ня цела, якое будзе, але голае зерне, можа, пшанічнае, ці якое іншае, 
 38  а Бог дае яму цела, як хоча, і кожнаму насеньню — сваё цела. 
 39  Ня ўсякае цела такое самае цела, але адно цела ў людзей, а іншае цела ў жывёлаў, іншае ў рыбаў, іншае ў птушак. 
 40  І [ёсьць] целы нябесныя, і целы зямныя; але адна слава нябесных, а другая — зямных, 
 41  іншая слава сонца, і іншая слава месяца, і іншая слава зорак, бо зорка ад зоркі розьніцца ў славе. 
 42  Гэтак і ўваскрасеньне мёртвых: сеецца ў сапсутасьці, уваскрашаецца ў незьнішчальнасьці; 
 43  сеецца ў ганьбе, уваскрашаецца ў славе; сеецца ў нядужасьці, уваскрашаецца ў моцы; 
 44  сеецца цела душэўнае, уваскрашаецца цела духоўнае. Ёсьць цела душэўнае, і ёсьць цела духоўнае. 
 45  Гэтак і напісана: «Стаўся першы чалавек Адам душою жывою», а апошні Адам — дух, які ажыўляе. 
 46  Але спачатку не духоўнае, але душэўнае; духоўнае пасьля. 
 47  Першы чалавек — з зямлі, зямны; другі Чалавек — Госпад з неба. 
 48  Які зямны, гэтакія і зямныя; і які Нябесны, гэтакія і нябесныя. 
 49  І як мы насілі вобраз зямнога, будзем насіць і вобраз Нябеснага. 
 50  А тое скажу, браты, што ня могуць цела і кроў успадкаеміць Валадарства Божага, і сапсутасьць не ўспадкаеміць незьнішчальнасьці. 
 51  Вось, кажу вам тайну: ня ўсе мы памром, але ўсе пераменімся, 
 52  у адзін момант, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць, і мёртвыя ўваскрэснуць незьнішчальнымі, і мы пераменімся. 
 53  Бо зьнішчальнае гэтае мусіць апрануцца ў незьнішчальнасьць, і сьмяротнае гэтае — апрануцца ў несьмяротнасьць. 
 54  А калі зьнішчальнае гэтае апранецца ў незьнішчальнасьць, і сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць, тады станецца напісанае слова: «Паглынутая сьмерць перамогаю». 
 55  «Сьмерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога?» 
 56  Джала сьмерці — грэх, а сіла грэху — закон. 
 57  Падзяка ж Богу, Які даў нам перамогу праз Госпада нашага Ісуса Хрыста! 
 58  Так што, браты мае ўлюбёныя, будзьце непарушныя, непахісныя, у справе Госпадавай мейце рупнасьць заўсёды, ведаючы, што праца вашая не дарэмная перад Госпадам.