2 Цім 3
 1  Ведай жа тое, што ў апошнія дні надыйдуць злыя часы. 
 2  Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбцы, пыхліўцы, ганарыстыя, блюзьнеры, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, нячыстыя, бязьлітасныя, 
 3  няўмольныя, паклёпнікі, неапанаваныя, жорсткія, ненавісьнікі таго, што добрае, 
 4  здраднікі, неразважныя, фанабэрыстыя, якія больш любяць асалоду, чым Бога, 
 5  якія маюць выгляд пабожнасьці, а сілы яе адракліся. Ад гэтакіх адварочвайся. 
 6  Бо з гэтакіх тыя, што закрадаюцца ў дамы і палоняць жанчынак, абцяжараных грахамі, якіх водзяць розныя пажадлівасьці, 
 7  якія заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды. 
 8  Як Яннэс і Ямбрэс супрацьстаялі Майсею, гэтак і яны супрацьстаяць праўдзе, людзі з папсаваным розумам, няздатныя ў веры. 
 9  Але яны ня шмат будуць узрастаць, бо шаленства іхняе выкрыецца перад усімі, як гэта і сталася з тымі. 
 10  А ты пайшоў сьледам за мною ў навучаньні, ладзе жыцьця, намерах, веры, доўгацярплівасьці, любові, непахіснасьці, 
 11  перасьледваньнях, пакутах, якія здарыліся са мною ў Антыёхіі, Іконіі, Лістрах; гэтыя перасьледваньні я перанёс, і з усіх выбавіў мяне Госпад. 
 12  Дый усе, якія хочуць жыць пабожна ў Хрысьце Ісусе, перасьледаваны будуць. 
 13  А злыя людзі і ашуканцы будуць узрастаць у зьле, падманваючы [іншых] і падманваючы сябе. 
 14  А ты заставайся ў тым, чаго навучыўся і што табе даверана, ведаючы, праз каго ты навучаны; 
 15  і што ты з дзяцінства ведаеш Сьвятое Пісаньне, якое можа зрабіць цябе мудрым на збаўленьне праз веру, што ў Хрысьце Ісусе. 
 16  Усё Пісаньне натхнёнае Богам і карыснае дзеля навучаньня, дзеля дакараньня, дзеля выпраўленьня, дзеля дысцыплінаваньня ў праведнасьці, 
 17  каб дасканалым быў чалавек Божы, да ўсякае добрае справы гатовым.