Дз 2
 1  І як надыйшоў дзень Пяцідзясятніцы, былі ўсе аднадушна разам. 
 2  І стаўся раптам шум з неба, быццам ад наляцеўшага гвалтоўнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. 
 3  І паказаліся ім падзеленыя языкі, быццам агнявыя, і паселі на кожным з іх. 
 4  І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі, як Дух даваў ім прамаўляць. 
 5  Былі ж у Ерусаліме пасяліўшыся юдэі, мужы пабожныя, з усякага народу пад небам. 
 6  А як стаўся голас гэты, зыйшлося мноства і ўстрывожылася, бо кожны чуў, што яны гавораць ягонай мовай. 
 7  Усе ж дзівіліся і зьдзіўляліся, кажучы адзін аднаму: «Вось, усе гэтыя, што гавораць, ці ж не Галілейцы? 
 8  І як мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся? 
 9  Парты, і Мэды, і Эляміты, і жыхары Мэсапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понту і Азіі, 
 10  Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і межаў Лібіі каля Кірэнэі, і прыйшоўшыя рымскія Юдэі, і празэліты, 
 11  Крыцяне і Арабы, — чуем іх, што гавораць нашымі мовамі пра веліч Божую?» 
 12  Дзівіліся ж усе і бянтэжыліся, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?» 
 13  А іншыя, насьмяхаючыся, казалі, што яны напіліся маладога віна. 
 14  Пётар жа з Адзінаццацьцю, устаўшы, падняў голас свой і прамовіў да іх: «Мужы Юдэйскія і ўсе жыхары Ерусаліму! Няхай будзе вам гэта вядома, і выслухайце словы мае, 
 15  бо яны ня п’яныя, як вы думаеце, бо яшчэ трэцяя гадзіна дня. 
 16  Але гэта ёсьць тое, што сказана праз прарока Ёэля: 
 17  “І будзе ў апошнія дні, — кажа Бог, — выльлю Духа Майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і юнакі вашыя будуць бачыць відзежы, і старыя вашыя будуць сьніць сны. 
 18  І на слугаў Маіх і на служак Маіх выльлю ў тыя дні Духа Майго, і будуць прарочыць. 
 19  І дам цуды ў небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе: кроў, і агонь, і куродым. 
 20  Сонца пераменіцца ў цемру, і месяц — у кроў перш, чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і слаўны. 
 21  І будзе: кожны, хто прызаве імя Госпада, будзе збаўлены”. 
 22  Мужы Ізраільцяне, выслухайце гэтыя словы: Ісуса з Назарэту, Мужа, зьяўленага між вамі Богам моцамі, і цудамі, і знакамі, якія рабіў праз Яго Бог сярод вас, як і самі вы ведаеце, 
 23  Яго, паводле вызначанай рады і прадбачаньня Божага выдадзенага, вы, узяўшы і рукамі беззаконьнікаў прыбіўшы цьвікамі, забілі. 
 24  Яго Бог уваскрасіў, вызваліўшы з мукаў сьмерці, таму што немагчыма было, каб Ён быў стрыманы ёю. 
 25  Бо Давід кажа пра Яго: “Бачыў я Госпада перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, каб я не захістаўся. 
 26  Дзеля гэтага ўзьвесялілася сэрца маё, і ўзрадаваўся язык мой, нават і цела маё супачыне ў надзеі, 
 27  бо Ты не пакінеш душу маю ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне. 
 28  Ты даў мне ведаць шлях жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю перад абліччам Тваім”. 
 29  Мужы браты! Належыцца мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, і магіла ягоная ў нас да гэтага дня. 
 30  А як быў ён прарок і ведаў, што прысягай прысягнуў яму Бог з плоду паясьніцы ягонай паводле цела паставіць Хрыста і пасадзіць на пасадзе ягоным, 
 31  прадбачачы, ён гаварыў пра ўваскрасеньне Хрыста, што не пакінутая душа Ягоная ў пекле, і цела Ягонае ня бачыла парахненьне. 
 32  Гэтага Ісуса ўваскрасіў Бог, і ўсе мы — сьведкі гэтага. 
 33  Дык узьнесены правіцаю Бога і ўзяўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што вы цяпер бачыце і чуеце. 
 34  Бо Давід не ўзыйшоў у неба, а ён кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне, 
 35  пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх”. 
 36  Дык няхай упэўнена ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог зрабіў і Госпадам, і Хрыстом Яго, Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі». 
 37  Пачуўшы гэта, яны былі ўражаныя ў сэрцы і сказалі да Пятра і рэшты апосталаў: «Што нам рабіць, мужы браты?» 
 38  Пётар жа прамовіў да іх: «Навярніцеся, і няхай кожны з вас будзе ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста дзеля адпушчэньня грахоў, і возьмеце дар Сьвятога Духа. 
 39  Бо абяцаньне для вас, і для дзяцей вашых, і для ўсіх, якія далёка, каго пакліча Госпад, Бог наш». 
 40  І іншымі шматлікімі словамі сьведчыў і ўпрошваў, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага пакаленьня скрыўленага». 
 41  Дык тыя, што прыхільна прынялі словы ягоныя, былі ахрышчаныя, і ў той дзень дадалося каля трох тысячаў душ. 
 42  І трывалі яны ў навуцы апостальскай, і ў супольнасьці, і ў ламаньні хлеба, і ў малітвах. 
 43  Быў жа страх на кожнай душы, і шмат цудаў і знакаў дзеялася праз апосталаў. 
 44  А ўсе, якія мелі веру, былі разам, і мелі ўсё супольнае. 
 45  І прадавалі маёмасьць і ўласнасьць, і дзялілі паміж усімі, хто якую меў патрэбу. 
 46  І кожны дзень аднадушна трываючы ў сьвятыні і ламаючы хлеб у дамах, прыймалі ежу ў весялосьці і лагоднасьці сэрца, 
 47  хвалячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народу. А Госпад штодня дадаваў да царквы тых, што былі збаўленыя.