Эф 3
 1  Дзеля гэтага вось я, Павал, — вязень Ісуса Хрыста за вас, паганаў. 
 2  Як вы чулі пра распарадкаваньне ласкі Божае, дадзенае мне дзеля вас, 
 3  што паводле адкрыцьця Ён аб’явіў мне таямніцу, (як я коратка напісаў вышэй, 
 4  з чаго, чытаючы, можаце зразумець маё разуменьне таямніцы Хрыстовай), 
 5  якая ў іншых пакаленьнях не была вядомая сынам чалавечым, як цяпер адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа, 
 6  што і пагане ёсьць суспадчыньнікамі, і адным целам, і супольнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце праз Эвангельле, 
 7  якога я стаўся служыцелем паводле дару ласкі Божае, дадзенае мне дзеяньнем сілы Яго. 
 8  Мне, найменшаму з усіх сьвятых, дадзена ласка гэтая — сярод паганаў дабравесьціць пра недасьледнае багацьце Хрыстовае 
 9  і зрабіць яўным для ўсіх, якое ёсьць распарадкаваньне таямніцы, што схаваная ад вякоў у Богу, Які стварыў усё праз Ісуса Хрыста, 
 10  каб цяпер праз Царкву сталася вядомаю начальствам і ўладам у нябёсах разнастайная мудрасьць Божая, 
 11  паводле адвечнага вызначэньня, якое Ён зрабіў у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым, 
 12  у Якім маем адвагу і доступ з пэўнасьцю праз веру ў Яго. 
 13  Таму прашу вас не журыцца з прычыны прыгнёту майго дзеля вас, бо гэта ёсьць слава вашая. 
 14  Дзеля гэтага схіляю калені мае перад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста, 
 15  ад Якога мае назоў усякае бацькоўства ў небе і на зямлі, 
 16  каб Ён даў вам, паводле багацьця славы Сваёй, сілай умацавацца праз Духа Ягонага ва ўнутраным чалавеку, 
 17  каб Хрыстос пасяліўся праз веру ў сэрцах вашых, 
 18  каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, здолелі сьцяміць разам з усімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, глыбіня і вышыня, 
 19  і зразумець любоў Хрыстовую, якая вышэй за разуменьне, каб вам напоўніцца ўсёю поўняй Божаю. 
 20  А Таму, Хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць нашмат больш за ўсё, пра што мы просім або разумеем, 
 21  Яму слава ў Царкве ў Хрысьце Ісусе ва ўсіх пакаленьнях на вякі вякоў. Амэн.