Гебр 7
 1  Бо гэты Мэльхісэдэк, валадар Салему, сьвятар Бога Найвышэйшага, які сустрэў Абрагама, калі той вяртаўся пасьля разгрому валадароў, і дабраславіў яго, 
 2  і якому дзесяціну ад усяго аддзяліў Абрагам, па-першае, перакладаецца як Валадар праведнасьці, а пасьля ён — валадар Салему, гэта ёсьць Валадар супакою, 
 3  бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, які ня мае ані пачатку дзён, ані канца жыцьця, падобны да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды. 
 4  Бачыце, які вялікі той, якому нават Абрагам патрыярх даў дзесяціну са здабычы. 
 5  Тыя з сыноў Левія, якія атрымліваюць сьвятарства, маюць прыказаньне паводле Закону браць дзесяціну з народу, гэта ёсьць з братоў сваіх, хаця і яны выйшлі з паясьніцы Абрагама. 
 6  А ён, які не паходзіць з іх, узяў дзесяціну ад Абрагама і дабраславіў таго, які меў абяцаньні. 
 7  Без усялякае спрэчкі меншы дабраслаўляецца большым. 
 8  І тут дзесяціны атрымліваюць людзі сьмяротныя, а там — той, пра якога сьведчыцца, што жыве. 
 9  І, можна так сказаць, праз Абрагама ўзята дзесяціна і з Левія, які сам атрымлівае дзесяціны, 
 10  бо ён быў яшчэ ў паясьніцы бацькі, калі сустрэў яго Мэльхісэдэк. 
 11  Дык, калі б усё зьдзейсьнілася праз сьвятарства лявітаў, бо народ разам з ім атрымаў Закон, якая яшчэ патрэба паўставаць іншаму сьвятарству паводле парадку Мэльхісэдэка, а не паводле парадку Аарона называцца? 
 12  Бо разам з пераменай сьвятарства патрэбна, каб сталася і зьмена Закону. 
 13  Бо Той, пра Якога гаворыцца гэтае, належаў да другога калена, з якога ніхто не прыступаў да ахвярніка. 
 14  Бо відочна, што Госпад наш узыйшоў з калена Юды, а пра гэтае калена Майсей нічога не сказаў адносна сьвятарства. 
 15  І гэта яшчэ больш зразумела, калі паводле падабенства Мэльхісэдэка паўстае іншы Сьвятар, 
 16  Які не паводле Закону прыказаньня цялеснага стаўся, але паводле моцы незьнішчальнага жыцьця. 
 17  Бо засьведчыў [Бог]: «Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка». 
 18  Бо раней быўшае прыказаньне адкінута праз слабасьць яго і некарыснасьць, 
 19  бо Закон нічога ня споўніў, але ўводзіцца лепшая надзея, праз якую мы набліжаемся да Бога. 
 20  І як гэта было не без прысягі, 
 21  бо тыя ставаліся сьвятарамі без прысягі, а Гэты — з прысягай Таго, Які гаварыў пра Яго: «Прысягнуў Госпад і не раскаецца: Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка», 
 22  нагэтулькі лепшага запавету Паручальнікам стаўся Ісус. 
 23  І тых сьвятароў было шмат дзеля таго, што сьмерць забараняла [некаму] затрымацца, 
 24  а Гэты праз тое, што застаецца на вякі, мае сьвятарства, якое не адступаецца [ад Яго], 
 25  таму Ён і можа цалкам збаўляць тых, якія прыходзяць праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб заступацца за іх. 
 26  Бо Гэткага трэба нам Першасьвятара, сьвятога, нявіннага, беззаганнага, адлучанага ад грэшнікаў і ўзвышанага па-над нябёсы, 
 27  Які ня мае патрэбы штодня, як тыя першасьвятары, прыносіць ахвяры спачатку за свае грахі, пасьля за [грахі] народу, бо Ён зрабіў гэта аднойчы, прынёсшы [ў ахвяру] Сябе. 
 28  Бо Закон стаўляе за першасьвятароў людзей, якія маюць нядужасьць, а слова прысягі, што пасьля Закону, [паставіла] Сына, дасканалага на вякі.