Ян 17
 1  Гэта сказаў Ісус, і падняў вочы Свае да неба, і прамовіў: «Ойча! Прыйшла гадзіна. Праслаў Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе, 
 2  бо Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб усяму, што Ты даў Яму, Ён даў жыцьцё вечнае. 
 3  А гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў, — Ісуса Хрыста. 
 4  Я праславіў Цябе на зямлі, скончыў справу, якую Ты даў Мне зрабіць. 
 5  Дык цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога той славаю, якую Я меў у Цябе раней, чым сьвет быў. 
 6  Я зьявіў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне даў са сьвету. Яны былі Твае, і Ты іх даў Мне, і яны захавалі слова Тваё. 
 7  Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе. 
 8  Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны ўзялі і сапраўды зразумелі, што Я ад Цябе зыйшоў, і паверылі, што Ты Мяне паслаў. 
 9  Я за іх прашу, не за сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны Твае. 
 10  І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і ў іх Я ўславіўся. 
 11  І Я ўжо не ў сьвеце, але яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Ойча сьвяты! Захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, каб яны былі адно, як і Мы. 
 12  Калі Я быў з імі ў сьвеце, Я захоўваў іх у імя Тваё; тых, якіх Ты Мне даў, Я захаваў, і ніхто з іх не загінуў, акрамя сына загубы, каб споўнілася Пісаньне. 
 13  Цяпер жа Я да Цябе іду і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі радасьць Маю ў сабе поўную. 
 14  Я даў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не са сьвету, як і Я не са сьвету. 
 15  Не прашу, каб Ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад зла. 
 16  Яны не са сьвету, як і Я не са сьвету. 
 17  Асьвяці іх у праўдзе Тваёй! Слова Тваё — праўда. 
 18  Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет. 
 19  І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаны ў праўдзе. 
 20  Не за іх жа толькі прашу, але і за тых, якія паверылі ў Мяне праз слова іх, 
 21  каб усе былі адно, як Ты, Айцец, у-ва Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас адно, каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне. 
 22  І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як Мы адно. 
 23  Я ў іх, і Ты ў-ва Мне; каб былі злучаны ў адно, і каб пазнаў сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне. 
 24  Ойча, тыя, якіх Ты даў Мне, хачу, каб і яны былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо Ты палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету. 
 25  Ойча праведны! І сьвет Цябе не пазнаў, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне. 
 26  І Я паведаміў ім імя Тваё і паведамлю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх».