Мк 13
 1  І калі выходзіў Ён са сьвятыні, гаворыць Яму адзін з вучняў Ягоных: «Настаўнік, паглядзі, якія камяні ды якія пабудовы!» 
 2  А Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Бачыш усе гэтыя вялізарныя пабудовы? Не застанецца каменя на камені, які б ня быў зруйнаваны». 
 3  І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў Яго насамоце Пётар, і Якуб, і Ян, і Андрэй: 
 4  «Скажы нам, калі гэта станецца, і які знак, калі ўсё гэта мае скончыцца?» 
 5  Ісус, адказваючы ім, пачаў гаварыць: «Глядзіце, каб вас хто не падмануў. 
 6  Бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і многіх падмануць. 
 7  А калі пачуеце пра войны і чуткі ваенныя, не трывожцеся, бо ўсё гэта павінна стацца, але гэта яшчэ не канец. 
 8  Бо паўстане народ на народ, і валадарства на валадарства, і будуць месцамі землятрусы, і будуць голад і замяшаньні. Гэта пачатак мукаў. 
 9  Глядзіце ж і вы самі, бо будуць вас выдаваць у сынэдрыёны і біць у сынагогах, і будзеце пастаўленыя перад ваяводамі і валадарамі дзеля Мяне на сьведчаньне ім. 
 10  І ўсім народам павінна спачатку быць абвешчана Эвангельле. 
 11  І калі павядуць вас, каб выдаць, не клапаціцеся наперад, што маеце гаварыць, і не абдумвайце, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое кажыце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты. 
 12  І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына; і дзеці паўстануць супраць бацькоў і будуць забіваць іх, 
 13  і будзеце вы ў нянавісьці ў-ва ўсіх дзеля імя Майго. Але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены. 
 14  А калі ўбачыце агіду спусташэньня, як сказана праз Данііла прарока, што стане там, дзе не павінна, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы, 
 15  а хто на даху, няхай не зыходзіць у дом і не ўваходзіць узяць нешта з дому свайго, 
 16  і хто ў полі, няхай не вяртаецца назад узяць адзеньне сваё. 
 17  Але гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні. 
 18  Дык маліцеся, каб не былі ўцёкі вашыя ў зіму. 
 19  Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт, якога не было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе. 
 20  І калі б Госпад не скараціў гэтых дзён, не выратавалася б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў гэтыя дні. 
 21  І тады калі хто вам скажа: “Вось тут Хрыстос”, ці: “Вось, там”, — ня верце. 
 22  Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць рабіць знакі і цуды, каб зьвесьці, калі магчыма, і выбраных. 
 23  Вы ж глядзіце: вось, Я вам усё наперад сказаў. 
 24  Але ў тыя дні, пасьля прыгнёту таго, зацьмее сонца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, 
 25  і зоркі нябесныя падаць будуць, і сілы, што ў небе, захістаюцца. 
 26  І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках з вялікай моцаю і славаю. 
 27  І тады Ён пашле анёлаў Сваіх, і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба. 
 28  У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккай і пускае лісты, разумееце, што блізка лета. 
 29  Гэтак і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, разумейце, што блізка, у дзьвярах. 
 30  Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, аж усё гэта станецца. 
 31  Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць. 
 32  А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ані анёлы, што ў небе, ані Сын, а толькі Айцец. 
 33  Глядзіце, ня сьпіце і маліцеся, бо ня ведаеце, калі прыйдзе пара. 
 34  Як чалавек, які, выяжджаючы, пакінуў дом свой, і даў уладу слугам сваім, і кожнаму свой абавязак, і загадаў прыдзьверніку, каб чуваў. 
 35  Дык чувайце, бо ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: вечарам, ці апоўначы, ці як певень засьпявае, ці раніцай, 
 36  каб, калі вернецца неспадзявана, не знайшоў вас, што сьпіце. 
 37  А што вам кажу, усім кажу: Чувайце!»