Адкр 10
 1  І ўбачыў я іншага дужага анёла, які зыходзіў з неба, які быў апрануты ў воблака, і вясёлка над галавою яго, і аблічча ягонае — як сонца, і ногі ягоныя — як слупы агністыя, 
 2  і меў ён у руцэ сваёй кніжку адкрытую, і паставіў ён правую нагу сваю на мора, а левую — на зямлю, 
 3  і закрычаў голасам вялікім, як леў рыкае; і калі закрычаў ён, прагаварылі сем грымотаў галасамі сваімі. 
 4  І калі прагаварылі сем грымотаў галасамі сваімі, я меўся пісаць, і пачуў я голас з неба, які казаў мне: «Запячатай тое, што прагаварылі сем грымотаў, і не пішы гэтага». 
 5  І анёл, якога я бачыў, як ён стаяў на моры і на зямлі, узьняў руку сваю да неба 
 6  і пакляўся Тым, Які жыве на вякі вякоў, Які стварыў неба, і што ў ім, і зямлю, і што на ёй, і мора, і што ў ім, што часу ўжо ня будзе, 
 7  але ў дні голасу сёмага анёла, калі той мае трубіць, зьдзейсьніцца таямніца Божая, як Ён дабравесьціў слугам Сваім прарокам. 
 8  І голас, які я чуў з неба, ізноў прагаварыў да мяне і сказаў: «Ідзі, вазьмі кніжку разгорнутую ў руцэ анёла, які стаіць на моры і на зямлі». 
 9  І я падыйшоў да анёла, кажучы яму: «Дай мне кніжку». І ён кажа мне: «Вазьмі і зьеш яе; і яна стане горкаю ў тваім жываце, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд». 
 10  І я ўзяў кніжку з рукі анёла, і зьеў яе, і яна была ў вуснах маіх салодкая, як мёд, і калі я зьеў яе, стаў горкім жывот мой. 
 11  І ён кажа мне: «Ты мусіш ізноў прарочыць пра плямёны, і народы, і мовы, і валадароў многіх».