Адкр 19
 1  І пасьля гэтага пачуў я голас вялікі мноства народу ў небе, які казаў: «Альлелюя! Збаўленьне, і слава, і пашана, і моц Госпаду, Богу нашаму! 
 2  Бо слушныя і справядлівыя суды Ягоныя, бо засудзіў Ён вялікую распусьніцу, якая паганіла зямлю распустаю сваёю, і адпомсьціў за кроў слугаў Сваіх ад рукі яе». 
 3  І другі раз сказалі: «Альлелюя! І дым яе ўзьнімаецца на вякі вякоў». 
 4  І ўпалі дваццаць чатыры старосты і чатыры жывёлы, і пакланіліся Богу, Які сядзіць на пасадзе, кажучы: «Амэн! Альлелюя!» 
 5  І выйшаў голас з пасаду, які казаў: «Хваліце Бога нашага, усе слугі Ягоныя і тыя, хто баіцца Яго, і малыя, і вялікія!» 
 6  І пачуў я быццам голас шматлікага натоўпу, і быццам голас мноства водаў, і быццам гук грымотаў моцных, які казаў: «Альлелюя! Бо заваладарыў Госпад, Бог Усеўладны! 
 7  Узрадуемся, і ўзьвесялімся, і дамо славу Яму, бо прыйшло вясельле Ягняці, і жонка Ягоная падрыхтавала сябе». 
 8  І дадзена ёй, каб апранулася ў вісон чысты і сьветлы; вісон жа — гэта праведнасьць сьвятых. 
 9  І кажа мне: “Напішы: «Шчасьлівыя тыя, якія пакліканыя на вячэру вясельную Ягняці». І кажа мне: «Гэта ёсьць праўдзівыя словы Божыя». 
 10  І я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму, і ён кажа мне: «Глядзі, не [рабі гэтага]! Я — таварыш твой і братоў тваіх, якія маюць сьведчаньне Ісуса. Богу пакланіся, бо сьведчаньне Ісуса ёсьць дух прароцтва». 
 11  І ўбачыў я неба адчыненае, і вось, конь белы, і Вершнік на ім, называны Верным і Праўдзівым, і Ён паводле справядлівасьці судзіць і ваюе. 
 12  А вочы Ягоныя — як полымя агню, і на галаве Ягонай шмат дыядэмаў. Ён мае імя напісанае, якога ніхто ня ведае, апрача Яго Самога. 
 13  І Ён апрануты ў шату акрываўленую, і імя Ягонае называецца: «Слова Божае». 
 14  І ішлі за Ім войскі нябесныя на белых конях, апранутыя ў вісон белы і чысты. 
 15  І з вуснаў Ягоных выходзіць меч востры, каб ім біць народы, і Ён будзе пасьвіць іх кіем жалезным. І Ён топча тоўчню віна ярасьці і гневу Бога Ўсеўладнага. 
 16  І мае на шатах і на сьцягне Сваім напісанае імя: «Валадар валадароў і Пан паноў». 
 17  І ўбачыў я аднаго анёла, які стаяў на сонцы. І крыкнуў ён голасам вялікім, кажучы да ўсіх птушак, якія лёталі па сярэдзіне неба: «Хадземце, зьбірайцеся на вячэру Вялікага Бога, 
 18  каб есьці целы валадароў, і целы тысячнікаў, і целы дужых, і целы коней і вершнікаў на іх, і целы ўсіх свабодных, і слугаў, і малых, і вялікіх». 
 19  І ўбачыў я зьвера, і валадароў зямных, і войскі іхнія, сабраныя дзеля вайны з Тым, Які сядзіць на кані, і з войскам Ягоным. 
 20  І быў схоплены зьвер, і з ім — фальшывы прарок, які рабіў знакі перад ім, якімі падманваў тых, што атрымалі пазнаку зьвера і пакланяліся вобразу ягонаму. Абодва жыўцом былі кінутыя ў возера агню, якое палае серкаю. 
 21  І рэшта была забітая мячом Таго, Які сядзеў на кані, што выходзіў з вуснаў Ягоных. І ўсе птушкі насыціліся целамі іхнімі.