Мц 7
 1  Не судзіце, каб не былі суджаныя. 
 2  Бо якім судом судзіце, такім будзеце суджаны, і якою меркаю мераеце, гэткаю і вам адмераюць. 
 3  Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш? 
 4  Ці як скажаш брату твайму: “Дазволь, выму сучок з вока твайго”, а вось, у воку тваім — бервяно? 
 5  Крывадушнік! Вымі перш бервяно з вока твайго, і тады ўбачыш, як выняць сучок з вока брата твайго. 
 6  Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не патапталі іх нагамі сваімі і, павярнуўшыся, не парвалі вас. 
 7  Прасіце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам. 
 8  Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць. 
 9  Ці ёсьць між вамі чалавек, які, калі сын ягоны папросіць хлеба, дасьць яму камень? 
 10  І калі папросіць рыбы, дасьць яму зьмяю? 
 11  Дык калі вы, будучы злымі, умееце добрыя дары даваць дзецям вашым, тым больш Айцец ваш, Які ў небе, дасьць добрае тым, што просяць у Яго. 
 12  Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, тое і вы ім рабіце; бо ў гэтым Закон і Прарокі. 
 13  Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторны шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто ўваходзіць праз іх, 
 14  бо цесная брама і вузкі шлях, што вядуць у жыцьцё, і мала хто знаходзіць іх. 
 15  Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым адзеньні, а ўнутры яны — ваўкі драпежныя. 
 16  Паводле пладоў іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць з церняў вінаград або з асоту фігі? 
 17  Гэтак усякае добрае дрэва дае плады добрыя, а благое дрэва дае плады дрэнныя. 
 18  Ня можа дрэва добрае даваць плады дрэнныя, ані благое дрэва даваць плады добрыя. 
 19  Усякае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь. 
 20  Таму паводле пладоў іхніх пазнаеце іх. 
 21  Ня кожны, хто кажа Мне: “Госпадзе! Госпадзе!”, увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе. 
 22  Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя мы прарочылі? І ці не ў Тваё імя выганялі дэманаў? І ці не ў Тваё імя шмат цудаў чынілі?” 
 23  І тады прызнаюся ім: “Я ніколі ня ведаў вас. Адыйдзіцеся ад Мяне, вы, што чыніце беззаконьне”. 
 24  Дык кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыраўняю да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на скале. 
 25  І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў умацаваны на скале. 
 26  А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека дурнога, які пабудаваў дом свой на пяску. 
 27  І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той, і ён упаў, і было падзеньне ягонае вялікае». 
 28  І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, натоўпы дзівіліся з вучэньня Ягонага, 
 29  бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, і не як кніжнікі.