Флп 3
 1  Нарэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам гэта для мяне ня цяжка, а для вас карысна. 
 2  Зважайце на сабак, зважайце на благіх работнікаў, зважайце на нібыта абрэзаных, 
 3  бо абрэзаныя — гэта мы, якія служым Богу духам, і хвалімся ў Хрысьце Ісусе, і ня ў целе маем спадзяваньне; 
 4  хоць я маю пэўнасьць і ў целе. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык я больш, 
 5  абрэзаны ў восьмы дзень, з роду Ізраіля, з калена Бэн’яміна, Гебрай з Гебраяў, паводле Закону — фарысэй, 
 6  які праз руплівасьць перасьледаваў Царкву, паводле праведнасьці, якая з Закону, — беззаганны. 
 7  Але тое, што для мяне было набыткам, дзеля Хрыста я палічыў за страту. 
 8  І больш таго, усё лічу за страту дзеля вышэйшага пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за гной, каб Хрыста здабыць 
 9  і апынуцца ў Ім, маючы не маю праведнасьць, якая праз Закон, але тую, якая праз веру ў Хрыста, праведнасьць ад Бога праз веру, 
 10  каб пазнаць Яго, і сілу ўваскрасеньня Яго, і супольнасьць пакутаў Яго, прыпадабняючыся сьмерці Яго, 
 11  каб толькі дасягнуць паўстаньня з мёртвых. 
 12  Не таму, што я ўжо атрымаў ці ўжо споўніў [усё], але імкнуся, ці не дасягну і я таго, як мяне дасягнуў Хрыстос Ісус. 
 13  Браты, я не лічу сябе, што дасягнуў, а толькі, забываючыся пра тое, што ззаду, і імкнучыся да таго, што наперадзе, 
 14  імчу да мэты, да ўзнагароды пакліканьня Божага, якое з гары ў Хрысьце Ісусе. 
 15  Дык усе, хто дасканалыя, будзем думаць гэтак. А калі вы што іначай думаеце, і гэтае Бог вам адкрые. 
 16  Па-за гэтым, чаго мы дасягнулі, паводле гэтага правіла будзем хадзіць і гэтак думаць. 
 17  Будзьце падобнымі, браты, да мяне, і зважайце на тых, хто гэтак ходзіць, паводле ўзору, які маеце ў нас. 
 18  Бо многія, пра якіх я часта казаў вам, а цяпер і са сьлязьмі кажу, ходзяць як ворагі крыжа Хрыстовага. 
 19  Іхні канец — загуба, іхні бог — чэрава, і слава [іхняя] ў сораме іх, яны думаюць пра зямное. 
 20  А нашае грамадзянства — у небе, адкуль мы і чакаем Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста, 
 21  Які зьменіць выгляд цела паніжэньня нашага, каб яно сталася падобным да цела славы Яго, дзеяньнем, якім Ён можа падпарадкаваць Сабе ўсё.