1 Пт 5
 1  Старостаў, якія сярод вас, прашу я, сустаршыня і сьведка пакутаў Хрыстовых і супольнік славы, якая мае адкрыцца: 
 2  пасіце Божы статак, які ў вас, гледзячы за ім не пад прынукаю, але добраахвотна, і не дзеля прыбыткаў, але з ахвотаю, 
 3  і не пануючы над спадчынай, але даючы прыклад статку, 
 4  і калі зьявіцца Найвышэйшы Пастыр, атрымаеце вянок славы, які ня счэзьне. 
 5  Таксама і вы, маладыя, падпарадкоўвайцеся старостам, а ўсе, падпарадкоўваючыся адзін аднаму, апраніцеся ў пакорнасьць, бо Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае. 
 6  Дык скарыцеся пад уладную руку Божую, каб Ён узьвялічыў вас у свой час. 
 7  Усе турботы свае ўскладайце на Яго, бо Ён клапоціцца пра вас. 
 8  Будзьце цьвярозымі, чувайце, бо супраціўнік ваш, д’ябал, як леў рыклівы, ходзіць, шукаючы, каго праглынуць. 
 9  Супрацьстаньце яму цьвёрдай вераю, ведаючы, што такія самыя пакуты здараюцца з братамі вашымі ў сьвеце. 
 10  А Бог усякае ласкі, Які паклікаў нас, што крыху цярпелі, у вечную славу Сваю ў Хрысьце Ісусе, няхай Сам удасканаліць вас, няхай умацуе, няхай узмоцніць, няхай угрунтуе. 
 11  Яму слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн. 
 12  Гэта коратка напісаў я вам праз Сілуана, вернага, як лічу, брата, каб суцешыць і засьведчыць, што праўдзівая ласка Божая, у якой вы стаіцё. 
 13  Вітае вас [царква], што ў Бабілоне, выбраная разам з вамі, і Марк, мой сын. 
 14  Прывітайце адзін аднаго пацалункам любові. Супакой вам усім, якія ў Хрысьце Ісусе. Амэн.