2 Кар 9
 1  Бо для мяне лішне пісаць да вас адносна служэньня для сьвятых, 
 2  бо я ведаю вашую ахвоту, якой хвалюся вамі перад Македонцамі, што Ахая прыгатаваная з леташняга году; і руплівасьць вашая заахвоціла многіх. 
 3  Братоў жа я паслаў, каб нашая пахвала адносна вас не прынізілася ў гэтым, але каб вы, як я казаў, былі прыгатаваныя, 
 4  каб, калі прыйдуць са мною Македонцы і знойдуць вас непрыгатаванымі, мы не асароміліся, каб не сказаць “вы”, пахваліўшыся з гэткаю пэўнасьцю. 
 5  Дык я палічыў патрэбным папрасіць братоў, каб яны наперад пайшлі да вас і загадзя паклапаціліся, каб абяцанае раней дабраславеньне вашае было падрыхтаванае так, як дабраславеньне, а не як з прымусу. 
 6  Вось жа: хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее з дабраславеньнем, той з дабраславеньнем і пажне. 
 7  Кожны [няхай робіць] паводле вызначэньня сэрца, не са смуткам або з патрэбы, бо Бог любіць таго, хто з добрай ахвотай дае. 
 8  А Бог магутны памножыць у вас усякую ласку, каб, заўсёды і ў-ва ўсім маючы ўсялякую задаволенасьць, вы былі багатыя на ўсякую добрую справу, 
 9  як напісана: «Раскідаў, раздаў бедным; праведнасьць ягоная застаецца на вякі». 
 10  А Той, Хто дае насеньне сейбіту, дасьць і хлеб дзеля ежы, і памножыць насеньне вашае, і вырасьціць плады праведнасьці вашае, 
 11  каб ва ўсім вы ўзбагаціліся ва ўсякай шчырасьці, якая праз нас робіць падзяку Богу. 
 12  Бо справаваньне служэньня гэтага ня толькі дапаўняе нястачы сьвятых, але і багатае падзякамі да Бога ад многіх, 
 13  якія, выпрабаваўшы служэньне гэтае, славяць Бога за падпарадкаванасьць вызнаванаму вамі Эвангельлю Хрыстоваму і за шчырую супольнасьць з імі і з усімі 
 14  і моляцца за вас, жадаючы [быць] з вамі дзеля бязьмернай ласкі Божае ў вас. 
 15  Падзяка Богу за невымоўны дар Ягоны.