Эф 4
 1  Дык я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць дастойна пакліканьня, якім вы пакліканыя, 
 2  з усёй пакорай розуму і ціхасьцю, з доўгацярплівасьцю, церпячы адзін аднаго з любоўю, 
 3  намагаючыся захаваць еднасьць духа ў саюзе супакою. 
 4  Адно Цела і адзін Дух, як вы і пакліканыя да аднае надзеі вашага пакліканьня; 
 5  Адзін Госпад, адна вера, адно хрышчэньне, 
 6  Адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ў-ва ўсіх вас. 
 7  А кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры дару Хрыстовага. 
 8  Дзеля гэтага і кажа: «Узыйшоўшы на вышыню, паланіў палон і даў дары людзям». 
 9  А «ўзыйшоў» што ёсьць, як ня тое, што ён спачатку зыходзіў у прадонныя месцы зямлі? 
 10  Зыйшоўшы, Ён ёсьць і Той, Які ўзыйшоў вышэй за ўсе нябёсы, каб споўніць усё. 
 11  І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі 
 12  дзеля ўдасканальваньня сьвятых на справу служэньня, на будаваньне Цела Хрыстовага, 
 13  пакуль усе дойдзем да еднасьці веры і пазнаньня Сына Божага, да мужа дасканалага, да меры ўзросту поўні Хрыстовае, 
 14  каб мы не былі больш немаўлятамі, якіх хістае і захапляе ўсякі вецер вучэньня ў хітрыках чалавечых, у подступе хітрага падману, 
 15  але каб, кажучы праўду ў любові, узрасталі ва ўсім у Таго, Які ёсьць Галава, — Хрыстос, 
 16  з Якога ўсё Цела, складзенае і злучанае ўсякімі вязямі дапамогі, праз дзейнасьць у сваю меру кожнага члена, расьце дзеля будаваньня самога сябе ў любові. 
 17  Дык кажу гэта і сьведчу ў Госпадзе, каб вы больш не хадзілі, як іншыя народы ходзяць, у марнасьці розуму свайго, 
 18  з зацемненым разуменьнем, адлучаныя ад жыцьця Божага праз няведаньне, якое ў іх праз скамяненьне сэрца іхняга. 
 19  Яны, стаўшыся нячулымі, аддаліся бессаромнасьці, каб рабіць усякую нячыстасьць з хцівасьцю. 
 20  Але вы ня гэтак пазналі Хрыста, 
 21  калі чулі Яго і ў Ім навучыліся, — бо праўда ў Ісусе, — 
 22  каб адкінуць вам ранейшы лад жыцьця старога чалавека, які зьнішчаецца ў манлівых пажаданьнях, 
 23  а абнавіцца духам розуму вашага 
 24  і апрануцца ў новага чалавека, які створаны паводле Бога ў праведнасьці і сьвятасьці праўды. 
 25  Дзеля гэтага, адкінуўшы хлусьню, гаварыце кожны праўду бліжняму свайму, бо мы члены адзін аднаму. 
 26  Гневайцеся, ды не грашыце: няхай сонца не заходзіць у гневе вашым; 
 27  і не давайце месца д’яблу. 
 28  Хто краў, няхай больш не крадзе, а лепш працуе, робячы добрае рукамі сваімі, каб меў што даць таму, хто мае патрэбу. 
 29  Аніякае благое слова няхай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае дзеля збудаваньня ў веры, каб ласку давала тым, што слухаюць. 
 30  І не засмучайце Сьвятога Духа Божага, Якім вы запячатаныя на дзень адкупленьня. 
 31  Усякая горыч, і ярасьць, і гнеў, і крык, і блюзьнерствы няхай будуць аддаленыя ад вас разам з усім ліхім. 
 32  Будзьце ж адзін да аднаго добрымі, спагадлівымі, прабачаючы адзін аднаму, як і Бог у Хрысьце прабачыў вам.