Мк 5
 1  І прыйшлі на другі бок мора ў край Гадарэнскі. 
 2  І калі выйшаў Ён з чаўна, адразу пераняў Яго чалавек з магілаў, [апанаваны] нячыстым духам, 
 3  які меў жытло ў магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі. 
 4  Бо шмат разоў зьвязвалі яго кайданамі і ланцугамі, і ён рваў ланцугі і разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог утаймаваць яго. 
 5  І ён заўсёды днём і ноччу ў магілах і ў гарах крычаў і біў сябе каменьнямі. 
 6  І, здалёк убачыўшы Ісуса, прыбег, і пакланіўся Яму, 
 7  і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Заклінаю Цябе Богам, ня мучай мяне». 
 8  Бо [Ісус] сказаў яму: «Выйдзі, духу нячысты, з гэтага чалавека». 
 9  І спытаўся ў яго: «Якое імя тваё?» А ён адказаў, кажучы: «Маё імя — легіён, бо нас многа». 
 10  І вельмі прасіў Яго, каб не выганяў іх прэч з гэтага краю. 
 11  А там каля гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіняў. 
 12  І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы: «Пашлі нас у сьвіняў, каб мы ў іх увайшлі». 
 13  І Ісус адразу дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў сьвіняў, і рынуўся гурт са стромы ў мора, а было іх каля дзьвюх тысячаў, і патанулі ў моры. 
 14  А тыя, што пасьвілі сьвіняў, уцяклі і абвясьцілі ў горадзе і вёсках, і [людзі] выйшлі паглядзець, што сталася. 
 15  І прыходзяць да Ісуса, і бачаць, што апанаваны дэманамі, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры здаровым розуме, і спалохаліся. 
 16  І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з апанаваным дэманам, і пра сьвіняў. 
 17  І пачалі прасіць Яго, каб адыйшоў ад межаў іхніх. 
 18  І калі Ён увайшоў у човен, той, што быў апанаваны дэманам, прасіў Яго, каб быць з Ім. 
 19  Ісус жа не дазволіў яму, але гаворыць: «Ідзі ў дом твой да сваіх, і раскажы ім, што Госпад учыніў табе і зьлітаваўся над табою». 
 20  І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся. 
 21  І калі Ісус зноў пераправіўся ў чаўне на другі бок, зыйшлося да Яго мноства людзей, і Ён быў каля мора. 
 22  І вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на імя Яір, і, убачыўшы Яго, падае да ног Ягоных, 
 23  і вельмі просіць Яго, кажучы: «Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі рукі на яе, каб была выратаваная і жыла». 
 24  І Ён пайшоў з ім. І ішоў за Ім вялізарны натоўп, і ціснулі Яго. 
 25  І нейкая жанчына, хворая на цячэньне крыві дванаццаць гадоў, 
 26  якая шмат нацярпелася ад шматлікіх лекараў, і выдаткавала ўсё, што мела, і не атрымала аніякай карысьці, але яшчэ горш пачувалася, 
 27  пачуўшы пра Ісуса, падыйшла ў натоўпе ззаду і дакранулася да шаты Ягонае, 
 28  бо казала: «Калі толькі дакрануся шаты Ягонае, буду выратаваная». 
 29  І адразу высахла ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што паздаравела ад немачы. 
 30  І адразу Ісус, адчуўшы ў Сабе, што моц выйшла з Яго, павярнуўся да натоўпу і сказаў: «Хто дакрануўся шаты Маёй?» 
 31  І сказалі Яму вучні Ягоныя: «Бачыш натоўп, які цісьне Цябе, і кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”» 
 32  Але Ён паглядзеў кругом, каб убачыць тую, што зрабіла гэта. 
 33  А жанчына, спалохаўшыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду. 
 34  Ён жа сказаў ёй: «Дачка! Вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі і будзь здаровая ад немачы тваёй». 
 35  Яшчэ Ён гаварыў, прыходзяць ад начальніка сынагогі людзі і кажуць: «Дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Настаўніка?» 
 36  Ісус жа, пачуўшы сказанае слова, кажа да начальніка сынагогі: «Ня бойся, толькі вер». 
 37  І не дазволіў нікому ісьці за Ім, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. 
 38  І прыходзіць у дом начальніка сынагогі, і бачыць замяшаньне, плач і лямант вялікі. 
 39  І, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаму вы ўзрушаныя і плачаце? Дзіцятка не памерла, але сьпіць». 
 40  І сьмяяліся з Яго. Ісус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзіцяці ды тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзіцятка. 
 41  І, узяўшы руку дзіцяці, гаворыць ёй: «Таліта кумі», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!» 
 42  І адразу ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а мела яна дванаццаць гадоў. І [ўсе] дзівіліся з захапленьнем вялікім. 
 43  І перасьцерагаў іх, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб далі ёй есьці.