Мк 9
 1  І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Божае, што прыходзіць у моцы». 
 2  І праз шэсьць дзён бярэ Ісус Пятра, і Якуба, і Яна, і вядзе іх асобна адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі. 
 3  І адзеньне Яго сталася бліскучым і такім белым, як сьнег, такім, што на зямлі бялільшчык выбеліць ня зможа. 
 4  І зьявіўся ім Ільля з Майсеем, і вялі гутарку з Ісусам. 
 5  І, адказваючы, Пётар гаворыць Ісусу: «Раббі, добра нам тут быць, зробім тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і Ільлі адзін». 
 6  Бо ня ведаў, што гаворыць, бо яны былі напалоханыя. 
 7  І сталася воблака, ахінуўшае іх, і голас выйшаў з воблака, які казаў: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!» 
 8  І раптам, разгледзеўшыся наўкола, нікога больш ня ўбачылі, апрача аднаго Ісуса. 
 9  Калі ж яны зыходзілі з гары, Ён загадаў ім, каб нікому не расказвалі пра тое, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых. 
 10  І яны затрымалі гэтае слова, пытаючыся адзін аднаго: «Што гэта значыць: уваскрэснуць з мёртвых?». 
 11  І спыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што спачатку павінен прыйсьці Ільля?» 
 12  А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Ільля, прыйшоўшы спачатку, направіць усё; і як напісана пра Сына Чалавечага, што шмат перацерпіць і будзе лічыцца за нішто. 
 13  Але кажу вам: і Ільля прыйшоў, і ўчынілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго». 
 14  І, прыйшоўшы да вучняў, убачыў вакол іх вялікі натоўп і кніжнікаў, што спрачаліся з імі. 
 15  І адразу ўвесь натоўп, убачыўшы Яго, здумеўся, і, падбягаючы, вітаў Яго. 
 16  І Ён спытаўся ў кніжнікаў: «Пра што спрачаецеся з імі?» 
 17  І, адказваючы, адзін з натоўпу сказаў: «Настаўнік, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога. 
 18  І ён, дзе схопіць яго, кідае яго на зямлю, і ён пеніцца, і скрыгоча зубамі ды пруцянее. І я казаў вучням Тваім, каб выгналі яго, і яны ня здолелі». 
 19  Ён жа, адказваючы яму, гаворыць: «О, пакаленьне бязьвернае! Як доўга буду з вамі? Як доўга буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне». 
 20  І прывялі яго да Яго. І, убачыўшы Яго, адразу дух тузануў яго, і ён упаў на зямлю і качаўся, выпускаючы пену. 
 21  І спытаўся Ён у бацькі ягонага: «Як даўно гэта зрабілася з ім?» А ён сказаў: «Ад дзяцінства; 
 22  і шмат разоў кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб яго загубіць. Але, калі што можаш, дапамажы нам, зьлітаваўшыся над намі». 
 23  Ісус жа сказаў яму: «Калі можаш верыць, усё магчыма таму, хто верыць». 
 24  І адразу, загаласіўшы, бацька хлопца сказаў праз сьлёзы: «Веру, Госпадзе! Дапамажы майму недаверству». 
 25  Ісус, убачыўшы, што зьбіраецца натоўп, забараніў духу нячыстаму, кажучы яму: «Духу нямы і глухі! Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!» 
 26  І той, закрычаўшы і моцна тузануўшы ім, выйшаў; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі, што ён памёр. 
 27  Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў. 
 28  І калі ўвайшоў у дом, вучні Ягоныя ўжо адны пыталіся ў Яго: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?» 
 29  І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост». 
 30  І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся. 
 31  Бо навучаў вучняў Сваіх і гаварыў ім, што Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей і заб’юць Яго, але забіты праз тры дні ўваскрэсьне. 
 32  Але яны слова гэтага не разумелі, а спытацца ў Яго баяліся. 
 33  І прыйшоў у Капэрнаум, і як былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што ў дарозе вы між сабою разважалі?» 
 34  Але яны маўчалі, бо дарогаю вялі гутарку між сабою, хто большы. 
 35  І, сеўшы, паклікаў Дванаццаць, і кажа ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і служыцелем для ўсіх». 
 36  І, узяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх, і, прытуліўшы яго, сказаў ім: 
 37  «Хто прыйме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыймае, а хто Мяне прыйме, той не Мяне прыймае, але Таго, Хто Мяне паслаў». 
 38  І адказаў Яму Ян, кажучы: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяе дэманаў, але ня ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо ён ня ходзіць за намі». 
 39  А Ісус сказаў: «Не забараняйце яму, бо няма нікога, хто, учыніўшы цуд у імя Маё, мог бы хутка праклінаць Мяне. 
 40  Бо хто ня супраць вас, той за вас. 
 41  Бо хто напоіць вас кубкам вады ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды сваёй. 
 42  А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, такому лепш было б, каб прычапілі млынавы камень на шыю ягоную і кінулі яго ў мора. 
 43  І калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе калекаю ўвайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве рукі, ісьці ў геенну, у агонь нязгасны, 
 44  дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае. 
 45  І калі нага твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе кульгавым увайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве нагі, быць укінутым у геенну, у агонь нязгасны, 
 46  дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае. 
 47  І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, лепш табе з адным вокам увайсьці ў Валадарства Божае, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у геенну вогненную, 
 48  дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае. 
 49  Бо кожны агнём будзе пасолены, і ўсякая ахвяра сольлю будзе пасоленая. 
 50  Соль добрая, але калі соль станецца несалонай, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль і супакой мейце між сабою».