Мк 14
 1  Праз два дні была Пасха і сьвята Праснакоў, і шукалі першасьвятары і кніжнікі, як узяць Яго подступам і забіць, 
 2  але казалі: «Не на сьвята, каб не было замяшаньня ў народзе». 
 3  І калі Ён быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў [за сталом], прыйшла жанчына з алябастравым збанком міра нардовага, чыстага і каштоўнага, і, пабіўшы алябастар, выліла Яму на галаву. 
 4  І былі некаторыя, якія абураліся ў сабе і казалі: «Навошта такое марнаваньне гэтага міра? 
 5  Можна ж было прадаць яго даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім». І наракалі на яе. 
 6  А Ісус сказаў: «Пакіньце яе! Навошта робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне. 
 7  Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою і можаце ім дабро рабіць, калі захочаце, а Мяне маеце не заўсёды. 
 8  Яна, што магла, зрабіла: наперад памазала цела Маё на пахаваньне. 
 9  Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе». 
 10  І Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім. 
 11  Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму грошы. І ён шукаў, як у адпаведны час Яго выдаць. 
 12  І ў першы дзень Праснакоў, калі закалваецца пасхальнае [ягня], кажуць Яму вучні Ягоныя: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есьці Пасху?» 
 13  І пасылае двух вучняў сваіх, і гаворыць ім: «Ідзіце ў горад, і сустрэнецца вам чалавек, які будзе несьці збан вады; ідзіце за ім. 
 14  І куды ён увойдзе, скажыце ўладальніку: “Настаўнік гаворыць: ‘Дзе сьвятліца, у якой буду есьці Пасху разам з вучнямі Маімі?’ ” 
 15  І ён пакажа вам залю вялікую, засланую, падрыхтаваную; там падрыхтуйце нам». 
 16  І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як Ён сказаў ім, і падрыхтавалі Пасху. 
 17  І калі настаў вечар, прыходзіць з Дванаццацьцю. 
 18  І калі ўзлягалі за сталом і елі, Ісус сказаў: «Сапраўды кажу вам: Адзін з вас, што есьць са Мною, выдасьць Мяне». 
 19  Яны ж засмуціліся і пачалі адзін за адным гаварыць Яму: «Ці ня я?» І іншыя: «Ці ня я?» 
 20  Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Адзін з Дванаццаці, што мачае са Мною ў місе. 
 21  Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца! Лепш было б, каб чалавек той ня быў нарадзіўшыся». 
 22  І калі яны елі, Ісус узяў хлеб, дабраславіўшы, паламаў і даў ім, і сказаў: «Бярыце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё». 
 23  І, узяўшы келіх, падзякаваўшы, даў ім; і пілі з яго ўсе. 
 24  І сказаў ім: «Гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца. 
 25  Сапраўды кажу вам, што больш ня буду піць з гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае віно ў Валадарстве Божым». 
 26  І, засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную. 
 27  І кажа ім Ісус: «Усе вы згоршыцеся дзеля Мяне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастуха, і будуць расьцярушаныя авечкі”, 
 28  але пасьля Майго ўваскрасеньня прыйду перад вамі ў Галілею». 
 29  А Пётар сказаў Яму: «Калі нават усе згоршацца, але ня я». 
 30  І кажа яму Ісус: «Сапраўды кажу табе, што ты сёньня, у гэтую ноч, перш, чым певень двойчы запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне». 
 31  Але той тым мацней гаварыў: «Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Гэтак сама і ўсе гаварылі. 
 32  І прыходзяць у месца, званае Гетсэманія, і гаворыць вучням Сваім: «Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся». 
 33  І бярэ з Сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць. 
 34  І кажа ім: «Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце». 
 35  І, адыйшоўшыся трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна. 
 36  І гаварыў: «Абба, Ойча! Усё магчыма для Цябе, пранясі ад Мяне гэты келіх, але ня тое, што Я хачу, але што Ты!» 
 37  І прыходзіць, і знаходзіць іх, што яны сьпяць, і гаворыць Пятру: «Сымоне! Ты сьпіш? Ня маеш сілы аднае гадзіны чуваць? 
 38  Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу, бо дух ахвочы, а цела кволае». 
 39  І зноў, адыйшоўшыся, маліўся, гаворачы тое самае слова. 
 40  І, вярнуўшыся, знайшоў зноў, што яны сьпяць, бо вочы іхнія абцяжэлі, і ня ведалі, што Яму адказаць. 
 41  І прыходзіць трэці раз, і кажа ім: «Сьпіце яшчэ і адпачываеце? Даволі! Прыйшла гадзіна. Вось Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў. 
 42  Уставайце! Хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае». 
 43  І адразу, калі Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікі натоўп з мячамі і каламі ад першасьвятароў, і кніжнікаў, і старшыняў. 
 44  А той, што выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён, бярыце Яго і вядзіце асьцярожна». 
 45  І, прыйшоўшы, адразу падыйшоў да Яго і кажа: «Раббі! Раббі!», і пацалаваў Яго. 
 46  Яны ж усклалі рукі свае на Яго і схапілі Яго. 
 47  А адзін з тых, што стаялі там, выхапіўшы меч, ударыў слугу першасьвятара і адсек яму вуха. 
 48  І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб схапіць Мяне. 
 49  Штодзень быў Я з вамі ў сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне, але няхай споўніцца Пісаньне». 
 50  І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі. 
 51  І адзін юнак, апрануўшы палатніну на голае цела, ішоў за Ім, і жаўнеры схапілі яго, 
 52  але ён, пакінуўшы палатніну, голы ўцёк ад іх. 
 53  І прывялі Ісуса да першасьвятара, і зьбіраюцца да яго ўсе першасьвятары, і старшыні, і кніжнікі. 
 54  І Пётар здалёк ішоў за Ім ажно на панадворак першасьвятара, і сядзеў з паслугачамі і грэўся пры агні. 
 55  А першасьвятары і ўвесь сынэдрыён шукалі сьведчаньня супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць, і не знаходзілі. 
 56  Бо шмат хто фальшыва сьведчыў супраць Яго, але іхнія сьведчаньні не былі згоднымі. 
 57  І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сьведчылі супраць Яго, кажучы: 
 58  «Мы чулі, як Ён казаў: “Я зруйную гэтую бажніцу, зробленую рукамі, і праз тры дні збудую іншую, якая не рукамі зробленая”». 
 59  Але і іх сьведчаньні не былі згоднымі. 
 60  І першасьвятар, стаўшы на сярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: «Нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сьведчаць?» 
 61  А Ён маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасьвятар спытаўся ў Яго і гаворыць Яму: «Ці Ты — Хрыстос, Сын Дабраслаўлёнага?» 
 62  А Ісус сказаў: «Гэта Я, і вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і Які ідзе на аблоках нябесных». 
 63  Тады першасьвятар, разьдзёршы вопраткі свае, кажа: «Нашто патрэбны нам яшчэ сьведкі? 
 64  Вы чулі блюзьнерства? Як вам здаецца?» Тыя ж усе прысудзілі, што Ён варты сьмерці. 
 65  І некаторыя пачалі пляваць на Яго, і засланяць аблічча Яго, і біць Яго, і гаварыць Яму: «Праракуй!» І паслугачы білі Яго па шчоках. 
 66  І калі Пётар быў на панадворку ўнізе, прыходзіць адна са служак першасьвятара 
 67  і, убачыўшы Пятра, які грэўся, і прыгледзеўшыся да яго, кажа: «І ты быў з Ісусам з Назарэту?» 
 68  Але ён адрокся, кажучы: «Ня ведаю і не разумею, што ты гаворыш». І выйшаў вонкі на пярэдні панадворак, і запяяў певень. 
 69  І служка, зноў убачыўшы яго, пачала казаць тым, што стаялі побач: «Гэты адзін з іх». 
 70  А ён зноў адрокся. І, неўзабаве, тыя, што там стаялі, зноў кажуць Пятру: «Праўда, ты з іх, бо ты — Галілеец, і гаворка твая падобная». 
 71  А ён пачаў клясьціся і прысягаць: «Ня ведаю Чалавека Гэтага, пра Якога гаворыце». 
 72  І другі раз запяяў певень, і ўзгадаў Пётар слова, якое сказаў яму Ісус: «Перш, чым певень двойчы запяе, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І пачаў плакаць.