Лк 13
 1  У той час прыйшлі некаторыя, расказваючы Яму пра Галілейцаў, кроў якіх Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі. 
 2  І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці вы думаеце, што гэтыя Галілейцы былі больш грэшныя за ўсіх Галілейцаў, што яны перацярпелі гэтак? 
 3  Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце. 
 4  Або ці думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала вежа ў Сілааме і пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх, хто жыў у Ерусаліме? 
 5  Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце». 
 6  І сказаў такую прыповесьць: «Нехта меў у вінаградніку сваім пасаджанае фігавае дрэва, і прыйшоў шукаць плоду на ім, і не знайшоў. 
 7  І сказаў вінаградару: “Вось, я тры гады прыходжу шукаць плоду на гэтым фігавым дрэве і не знаходжу; сьсячы яго, навошта яно і зямлю займае?” 
 8  Той жа, адказваючы, кажа яму: “Пане, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем, 
 9  ці ня дасьць плоду; а калі не, дык на той год сьсячэш яго”». 
 10  У адной сынагозе Ён навучаў у суботу. 
 11  І вось, была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа нядужасьці, і яна была скорчыўшыся, і не магла выпрастацца. 
 12  Угледзеўшы яе, Ісус паклікаў яе і сказаў ёй: «Жанчына! Ты вызвалена ад нядужасьці тваёй». 
 13  І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога. 
 14  На гэта начальнік сынагогі, абураючыся, што Ісус аздаравіў у суботу, сказаў натоўпу: «Ёсьць шэсьць дзён, калі мусіце працаваць, тады і прыходзьце, каб быць аздароўленымі, а ня ў дзень суботы». 
 15  Тады Госпад адказаў яму і сказаў: «Крывадушнік! Ці не адвязвае кожны з вас вала свайго ці асла ад ясьляў у суботу і не вядзе паіць? 
 16  А гэтую дачку Абрагама, якую зьвязаў шатан вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ж не належала звольніць ад путаў гэтых у дзень суботы?» 
 17  І калі гаварыў Ён гэтае, усе супраціўнікі Ягоныя засаромеліся; і ўвесь народ радаваўся з усіх слаўных дзеяньняў Ягоных. 
 18  Ён жа сказаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго? 
 19  Яно падобнае да зярняці гарчычнага, якое, узяўшы, пасадзіў чалавек у садзе сваім, і яно вырасла, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галінах ягоных». 
 20  І зноў сказаў: «З чым параўнаю Валадарства Божае? 
 21  Яно падобнае да рашчыны, якую жанчына ўзяла і ўмяшала ў тры меры мукі, пакуль ня ўкісла ўсё». 
 22  І праходзіў па гарадах і мястэчках, навучаючы і кіруючы шлях свой да Ерусаліму. 
 23  Нехта сказаў яму: «Госпадзе! Няўжо мала тых, якія будуць збаўленыя?» Ён жа сказаў ім: 
 24  «Намагайцеся ўвайсьці праз цесную браму, бо, кажу вам, многія будуць шукаць увайсьці і ня здолеюць. 
 25  Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы станеце звонку і пачняцё стукаццца ў дзьверы, кажучы: “Госпадзе! Госпадзе! Адчыні нам!” І Ён, адказваючы, скажа вам: “Ня ведаю вас, адкуль вы”. 
 26  Тады пачняцё гаварыць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”. 
 27  І Ён скажа: “Кажу вам, Я ня ведаю вас, адкуль вы; адыйдзіце ад Мяне ўсе, якія робяць няправеднасьць”. 
 28  Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўгледзіце Абрагама, Ісаака, і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а вас выганяць прэч. 
 29  І прыйдуць з усходу, і з захаду, і з поўначы, і з поўдня, і ўзьлягуць у Валадарстве Божым. 
 30  І вось ёсьць апошнія, якія будуць першымі, і ёсьць першыя, якія будуць апошнімі». 
 31  У той дзень падыйшлі некаторыя фарысэі, кажучы Яму: «Выходзь і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць». 
 32  І сказаў ім: «Ідзіце, скажыце гэтаму лісу: “Вось, Я выганяю дэманаў і аздараўляю сёньня і заўтра, і ў трэці дзень скончу”. 
 33  Аднак мушу ісьці сёньня, і заўтра, і пазаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам. 
 34  Ерусалім, Ерусалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасланыя! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крыламі, і вы не захацелі. 
 35  Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты. Сапраўды бо кажу вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: “Дабраслаўлёны Той, Які ідзе ў імя Госпада”».