Бц 40
 1  І сталася пасьля гэтых падзеяў, зграшылі чашнік валадара Эгіпецкага і пекар перад панам сваім, перад валадаром Эгіпецкім. 
 2  I загневаўся фараон на двух урадоўцаў сваіх, на начальніка чашнікаў і на начальніка пекараў, 
 3  і аддаў іх пад варту ў дом начальніка варты, у вязьніцу, месца, дзе Язэп быў вязьнем. 
 4  I прызначыў начальнік варты Язэпа да іх, і ён служыў ім. I былі яны шмат дзён пад вартаю. 
 5  I сьнілі ў адну ноч яны абодва кожны свой сон, кожны [сьніў] са значэньнем сон свой, чашнік і пекар, якія былі ў валадара Эгіпецкага і якія былі ўвязьненыя ў вязьніцы. 
 6  I прыйшоў да іх Язэп раніцай, і ўбачыў іх, і вось, яны засмучаныя. 
 7  I спытаўся ён у ўрадоўцаў фараона, што былі пад вартаю з ім у доме пана ягонага, кажучы: “Чаму абліччы вашыя сёньня [маюць] благі выгляд?” 
 8  I сказалі яны яму: “Сьнілі мы сон, а растлумачыць [яго] няма каму”. I сказаў ім Язэп: “Ці ж ня ў Бога тлумачэньне [сну]? Распавядзіце мне”. 
 9  I распавёў начальнік чашнікаў сон свой Язэпу, і сказаў яму: “У маім сьне, вось, вінаградная лаза перада мною. 
 10  I на вінаграднай лазе — тры галінкі. І яна, калі вырасла, разквітнела квеценьню сваёй, насьпелі гронкі вінаграду ейнага. 
 11  I келіх фараона ў руцэ маёй, і я ўзяў вінаградныя ягады, і выціснуў іх у келіх фараона, і даў келіх ў рукі фараона”. 
 12  I сказаў яму Язэп: “Гэта тлумачэньне яго: тры галінкі — гэта тры дні. 
 13  Праз тры дні падніме фараон галаву тваю, і верне цябе на месца тваё, і ты будзеш даваць келіх фараону ў руку ягоную паводле ранейшага звычаю, калі ты быў чашнікам ягоным. 
 14  Толькі ўзгадай пра мяне, калі будзе табе добра; і зьяві мне міласэрнасьць, узгадай пра мяне перад фараонам, і вывядзі мяне з гэтага дому, 
 15  бо я крадзьма ўкрадзены з зямлі Гебраяў, і таксама тут нічога не зрабіў, за што б пасадзіць мяне ў вязьніцу”. 
 16  I ўбачыў начальнік пекараў, што ён добра патлумачыў, і сказаў Язэпу: “Я таксама сьніў, і вось, тры кашы плеценыя на галаве маёй. 
 17  I ў кашы верхнім — усялякая ежа фараона, вырабленая пекарам; і птушкі елі яе з каша на галаве маёй”. 
 18  I адказаў Язэп, і сказаў: “Гэта тлумачэньне яго: тры кашы — гэта тры дні. 
 19  Праз тры дні падніме фараон галаву з цябе, і павесіць цябе на дрэве; і птушкі будуць есьці цела тваё з цябе”. 
 20  I стаўся на трэйці дзень дзень нараджэньня фараона, і ён справіў бяседу для ўсіх слугаў сваімх, і падняў галаву начальніка чашнікаў і галаву начальніка пекараў сярод слугаў сваіх, 
 21  I вярнуў начальніка чашнікаў на ягонае месца чашніка, і ён даў келіх ў руку фараону. 
 22  А начальніка пекараў павесіў, як патлумачыў ім Язэп. 
 23  I не ўзгадаў начальнік чашнікаў пра Язэпа, і забыўся пра яго.