Разьдзел 15
 1  Лагодны адказ адхінае ярасьць, а слова абразьлівае выклікае гнеў. 
 2  Язык мудрых прыносіць веды, а вусны неразумных выказваюць глупства. 
 3  Вочы ГОСПАДА на кожным месцы, яны бачаць добрых і ліхіх. 
 4  Здаровы язык — дрэва жыцьця, а зласьлівы — заламаньне духа. 
 5  Неразумны грэбуе настаўленьнем бацькі, а хто зважае на дакараньні — разумнее. 
 6  У доме праведніка шмат багацьця, а ў набытках бязбожніка — замяшаньне. 
 7  Вусны мудрых сеюць веды, а сэрца бязглуздых не такое. 
 8  Ахвяра бязбожнікаў — агіда для ГОСПАДА, а малітвы правых Яму даспадобы. 
 9  Агіда для ГОСПАДА — шлях бязбожніка, а таго, хто імкнецца да праведнасьці, Ён любіць. 
 10  Таму, хто ўхіляецца з дарогі, — строгая кара, і той, хто дакараньне ненавідзіць, — памрэ. 
 11  Адхлань і пекла перад [вачыма] ГОСПАДА, а тым больш сэрцы сыноў чалавечых. 
 12  Насьмешнік ня любіць таго, хто яго дакарае, і да мудрых ня пойдзе. 
 13  Радаснае сэрца робіць аблічча вясёлым, а калі сэрца сумуе — дух разьбіты. 
 14  Сэрца разумнае шукае веданьня, а вусны неразумных жывяцца дурнотаю. 
 15  Усе дні прыгнечанага ліхія, а ў каго добра на сэрцы, у таго заўсёды бяседа. 
 16  Лепш малое ў страху ГОСПАДАВЫМ, чым вялікія скарбы, а з імі трывога. 
 17  Лепш крыху гародніны з любоўю, чым тлусты вол з нянавісьцю. 
 18  Чалавек гняўлівы выклікае звадкі, а няскоры да гневу супакойвае спрэчку. 
 19  Шлях гультая як жываплот з церня, а сьцежка правых — гладкая. 
 20  Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны чалавек пагарджае маці сваёй. 
 21  Дурасьць — радасьць для невука, а чалавек разумны ідзе простай дарогай. 
 22  Бяз рады руйнуюцца намеры, а з мноствам дарадцаў яны зьдзяйсьняюцца. 
 23  Радуецца чалавек з адказу вуснаў сваіх, і якое добрае слова адпаведнае. 
 24  Сьцежка жыцьця ў разважлівага [вядзе] ўгару, каб пазьбегнуць адхлані, якая ў доле. 
 25  ГОСПАД развальвае дом пыхліўцаў, а мяжу ўдавы Ён вызначае. 
 26  Агіда для ГОСПАДА — думкі бязбожных, а прамовы чыстыя прыемныя [Яму]. 
 27  Нішчыць свой дом сквапны да зыску, а хто ненавідзіць падарункі, будзе жыць. 
 28  Сэрца праведніка разважае адказ, а вусны бязбожнікаў вымаўляюць ліхоту. 
 29  ГОСПАД далёка ад бязбожнікаў, але малітвы праведных Ён чуе. 
 30  Сьвятло вачэй радуе сэрца, і добрая вестка ўмацоўвае косьці. 
 31  Вуха, якое слухае дакараньні жыцьця, будзе жыць сярод мудрых. 
 32  Хто адкідае настаўленьне, грэбуе душою сваёю, а хто слухае дакараньняў, здабывае розум. 
 33  Страх ГОСПАДАЎ навучае мудрасьці, і ўпакораньне папераджае славу.