Рым 3
 1  Дык якая перавага Юдэя, ці якая карысьць ад абразаньня? 
 2  Вялікая ў-ва ўсіх адносінах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае. 
 3  Бо што, калі некаторыя не паверылі? Ці недаверства іхняе зьнішчыць веру Божую? 
 4  Няхай ня станецца! Бог ёсьць праўдзівы, а ўсякі чалавек хлусьлівы, як напісана: «Каб Ты быў праведны ў словах Тваіх і перамог у судзе Тваім». 
 5  А калі нашая няправеднасьць зьяўляе праведнасьць Божую, што скажам? Ці Бог, Які выяўляе гнеў, няправедны? Кажу па-чалавечаму. 
 6  Няхай ня станецца! Бо як жа Бог будзе судзіць сьвет? 
 7  Бо калі праўда Божая праз маю хлусьлівасьць памнажаецца на славу Ягоную, за што яшчэ мяне судзяць як грэшніка? 
 8  І ці не рабіць нам благое, каб выйшла добрае, як некаторыя блюзьняць на нас і кажуць, што мы гэтак кажам? Справядлівы суд на такіх! 
 9  Дык што? Ці мы лепшыя? Зусім не! Бо мы ўжо давялі, што і Юдэі, і Грэкі, — усе пад грэхам, 
 10  як напісана: «Няма праведнага аніводнага; 
 11  няма таго, хто разумее; няма таго, хто шукае Бога. 
 12  Усе ўхіліліся, разам нягодныя; няма таго, хто робіць дабро, няма аніводнага. 
 13  Горла іхняе — магіла адчыненая; языкамі сваімі ашукваюць, атрута зьмяіная на губах іхніх. 
 14  Вусны іхнія поўныя абмовы і горычы. 
 15  Ногі іхнія хуткія на праліцьцё крыві, 
 16  зьнішчэньне і няшчасьце на шляхах іхніх, 
 17  і шляху супакою яны не пазналі. 
 18  Няма страху Божага перад вачыма іхнімі». 
 19  А мы ведаем, што Закон усё, што гаворыць, гаворыць да тых, якія пад Законам, каб усе вусны былі загароджаныя і ўвесь сьвет стаўся вінаватым перад Богам, 
 20  бо справамі Закону не апраўдаецца перад Ім ніякае цела; бо праз Закон пазнаецца грэх. 
 21  А цяпер, незалежна ад Закону, зьяўлена праведнасьць Божая, засьведчаная праз Закон і Прарокаў, 
 22  праведнасьць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх тых, якія вераць; бо няма розьніцы, 
 23  бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божае, 
 24  атрымліваючы апраўданьне дарма ласкай Ягонай праз адкупленьне ў Хрысьце Ісусе, 
 25  Якога Бог пастанавіў [быць] ахвярай перамольнай у крыві Ягонай праз веру, дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй праз дараваньне грахоў, учыненых раней, у [час] цярплівасьці Божае, 
 26  дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй у цяперашні час, каб быў Ён праведны і апраўдваў таго, хто верыць у Ісуса. 
 27  Дык дзе тое, чым хваліцца? Выключана. Якім законам? [Законам] учынкаў? Не, але законам веры. 
 28  Дык мы лічым, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад учынкаў Закону. 
 29  Няўжо Бог толькі Юдэяў, а не паганаў таксама? Так, і паганаў, 
 30  бо адзін Бог, Які апраўдае абразаньне з веры і неабразаньне праз веру. 
 31  Дык мы зьнішчаем Закон праз веру? Няхай ня станецца! Але ўсталёўваем Закон.