Эф 6
 1 Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо гэтага патрабуе справядлівасьць. 
 2 Шануй бацьку твайго і маці - гэта першая запаведзь з абяцаньнем: 
 3 «Хай будзе табе добра, і будзеш доўга жыць на зямлі». 
 4 І вы, бацькі, не дакучайце дзецям вашым, а гадуйце іх у навуцы і настаўленьні Гасподнім. 
 5 Рабы, слухайцеся гаспадароў сваіх цялесных са страхам і трымценьнем, у прастаце сэрца вашага, як Хрыста, 
 6 ня ў блізірнай толькі паслужлівасьці, як чалавекадагоднікі, а як рабы Хрыстовыя, выконваючы волю Божую ад душы, 
 7 служачы шчыра, як Госпаду, а ня як людзям, 
 8 ведаючы, што кожны атрымае ад Госпада ў меру дабра, якое ён зрабіў, хай то раб, хай вольнік. 
 9 І вы, гаспадары, рабеце зь імі гэтак сама, лагодзьце строгасьць, ведаючы, што і над вамі самімі і над імі ёсьць на нябёсах Гасподзь, Які не зважае на асобы. 
 10 Нарэшце, браты мае, мацуйцеся Госпадам і магутнасьцю сілы Ягонай; 
 11 апранецеся ў поўную зброю Божую, каб вам можна было стаць супроць хітрыкаў д'ябальскіх; 
 12 бо нашае змаганьне ня супроць крыві і плоці, а супроць начальстваў, супроць уладаў, супроць сьветаўпраўцаў цемры сьвету гэтага, супроць духаў злосьці паднябесных. 
 13 Дзеля гэтага прымеце поўную зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у часіну ліхую і, усё адолеўшы, выстаяць. 
 14 Так што станьце, апаясаўшы сьцёгны вашыя праўдаю, і апрануўшыся ў браню праведнасьці, 
 15 і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір; 
 16 а найперш за ўсё вазьмеце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы ліхадзея; 
 17 і шалом ратунку вазьмеце, і меч духоўны, які ёсьць Слова Божае; 
 18 усякаю малітваю і просьбаю малецеся ў любы час духам, і дбайце пра гэта самае з усёй сталасьцю і благаньнем за ўсіх сьвятых 
 19 і за мяне, каб мне дадзена было слова - вуснамі маімі адкрыта і адважна абвяшчаць таямніцу зьвеставаньня, 
 20 дзеля якога я пасольствую ў кайданах, каб я сьмела прапаведаваў, як я і павінен. 
 21 А каб і вы ведалі пра мае акалічнасьці і дзеі, пра ўсё раскажа вам Тыхік, любасны брат і верны ў Госпадзе службіт, 
 22 якога я і паслаў да вас на тое самае, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя. 
 23 Мір братам і любоў зь вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста. 
 24 Мілата з усімі, што нязьменна любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста. Амін.