Лк 15
 1 Наблізіліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго. 
 2 А фарысэі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есьць зь імі. 
 3 Але Ён сказаў ім наступную прытчу: 
 4 хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну зь іх, не пакіне дзевяноста дзевяцёх ў пустыні і ня пойдзе па прапалую, пакуль ня знойдзе яе? 
 5 А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасьцю; 
 6 і прыйшоўшы дамоў, пакліча сяброў і суседзяў і скажа ім; парадуйцеся са мною, я знайшоў маю прапалую авечку. 
 7 Маўляю вам, што так на нябёсах болей радасьці будзе за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзевяноста дзевяцёх праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў каяньні. 
 8 Альбо якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запаліць сьвечкі і не пачне месьці пакой і шукаць пільна, пакуль ня знойдзе? 
 9 А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак і скажа: парадуйцеся са мною, я знайшла згубленую драхму, 
 10 Так, кажу вам, бывае радасьць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца. 
 11 Яшчэ сказаў: у аднаго чалавека было два сыны; 
 12 і сказаў малодшы бацьку: тата! дай мне належную мне долю маёмасьці. І бацька падзяліў ім маёмасьць. 
 13 Праз колькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкі край і там распусьціў маёмасьць сваю, жывучы распусна. 
 14 А калі ён пражыў усё, настаў вялікі голад у той краіне, і ён апынуўся ў нястачы; 
 15 і пайшоў, прыстаў да аднаго жыхара той краіны, а той паслаў яго на палі свае пасьвіць сьвіньні; 
 16 і ён рады быў напоўніць чэрава сваё струкамі, якія елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму. 
 17 Апамятаўшыся, сказаў: колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішкі хлеба, а я паміраю з голаду! 
 18 Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою, 
 19 і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прымі мяне ў лік парабкаў тваіх. 
 20 Устаў і пайшоў да бацькі свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і ўмілажаліўся; і пабегшы, упаў яму на шыю і пацалаваў яго. 
 21 А сын сказаў яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім. 
 22 А бацька сказаў рабам сваім: прынясеце найлепшую вопратку і апранеце яго, і дайце пярсьцёнак на руку яму і абутак на ногі; 
 23 і прывядзеце ўкормленае цяля і закалеце: будзем есьці і весяліцца, 
 24 бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца. 
 25 А старэйшы сын ягоны быў на полі; і вяртаючыся, калі наблізіўся да дома, пачуў сьпевы і весялосьць; 
 26 і паклікаўшы аднаго слугу, спытаўся: што гэта такое? 
 27 Той сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў укормленае цяля, бо прыняў яго здаровага. 
 28 Ён угневаўся і не хацеў увайсьці. А бацька, выйшаўшы, клікаў яго. 
 29 Але ён сказаў у адказ бацьку: вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не пераступаў загаду твайго, але ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца зь сябрамі маімі; 
 30 а калі сын твой, вось гэты, распусьціўшы маёмасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў яму ўкормленае цяля. 
 31 А ён сказаў яму: сыне мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё ёсьць тваё; 
 32 а з таго трэба было радавацца і весяліцца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся.