Лк 18
1 Сказаў ім таксама прытчу пра тое, што трэба заўсёды маліцца і ня падаць духам,
2 кажучы: у адным горадзе быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
3 У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: абарані мяне ад супраціўніка майго.
4 Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: хоць і Бога не баюся і людзей не саромеюся,
5 але як што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна ня прыходзіла больш дакучаць мне.
6 І сказаў Гасподзь: чуеце, што кажа судзьдзя няправедны?
7 Ці ж Бог не абароніць выбраных Сваіх, што галосяць да Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх?
8 кажу вам, што падасьць ім абарону неўзабаве. А Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
9 Сказаў таксама да некаторых, якія былі ўпэўненыя ў сабе, што яны праведныя, і прыніжалі іншых, наступную прытчу:
10 два чалавекі ўвайшлі ў храм памаліцца: адзін фарысэй, а другі мытнік.
11 Фарысэй, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, крыўдзіцелі, блудадзеі, альбо як гэты мытнік:
12 пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю.
13 А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вочы да неба; але, б'ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа! будзь міласэрны да мяне, грэшніка!
14 Кажу вам, што гэты пайшоў у дом свой апраўданы болей, чым той: бо кожны, хто ўзьвялічвае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца.
15 Прыносілі да Яго і дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні, бачачы тое, забаранялі ім.
16 Але Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такіх ёсьць Царства Божае;
17 праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.
18 І спытаўся ў Яго нехта з начальнікаў: Настаўнік добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?
19 Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, як толькі адзін Бог.
20 Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; шануй бацьку твайго і маці тваю.
21 А той сказаў: усё гэта захаваў я зь юнацтва майго.
22 Пачуўшы гэта, Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і мець будзеш скарб на нябёсах, і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною.
23 А ён, пачуўшы гэта, засмуціўся, бо быў вельмі багаты.
24 Ісус, бачачы, як ён засмуціўся, сказаў: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае!
25 бо лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае!
26 Тыя, што чулі гэта, сказалі: хто ж можа ўратавацца?
27 Але Ён сказаў: немагчымае людзям магчымае Богу.
28 А Пётр сказаў: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.
29 Ён сказаў ім: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо бацькоў, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо жонку, альбо дзяцей дзеля Царства Божага,
30 і не атрымаў бы намнога больш у гэты час, і ў век будучага жыцьця вечнага.
31 І адклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, сказаў ім: вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і зьдзейсьніцца ўсё напісанае праз прарокаў пра Сына Чалавечага:
32 бо выдадуць Яго язычнікам і паглумляцца зь Яго, і зьняважаць Яго, і аплююць Яго,
33 і будуць біць і заб'юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне.
34 Але яны нічога з гэтага не зразумелі; словы гэтыя былі ім неспасьцігальныя, і яны не разумелі сказанага.
35 А калі падыходзіў Ён да Ерыхона, адзін сьляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласьціны;
36 і пачуўшы, што міма яго праходзяць людзі, спытаўся: што гэта такое?
37 Яму сказалі, што Ісус Назарэй ідзе.
38 Тады ён закрычаў: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне.
39 Тыя, што ішлі наперадзе, прымушалі яго маўчаць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў! памілуй мяне.
40 Ісус, спыніўшыся, загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі той падышоў да Яго, спытаўся ў яго:
41 чаго ты хочаш ад Мяне? Ён сказаў: Госпадзе! каб мне бачыць.
42 Ісус сказаў яму: Бач! вера твая ўратавала цябе.
43 І ён адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь люд, бачачы гэта, узьнёс хвалу Богу.