Пс 50
1 Кіроўцу хору. Псальма Давідава,
2 калі да яго прыходзіў прарок Натан пасьля таго, як Давід увайшоў да Вірсавіі.
3 Зьлітуйся, Божа, зь мяне ў вялікай ласцы Тваёй, і ў мностве шчадротаў Тваіх загладзь беззаконьні мае!
4 Адмый мяне шматкроць ад беззаконьня майго, і ад грэху майго ачысьці мяне:
5 бо беззаконьне маё я ўсьведамляю, і грэх мой заўсёды перада мною.
6 Табе, Табе аднаму я зграшыў і прад вачыма Тваімі благое ўчыніў: таму справядлівы Ты будзеш у прысудзе Тваім, і чысты ў судзе Тваім.
7 Вось, я ў беззаконьні зачаты, і ў грэху маці мая нарадзіла мяне.
8 Вось, палюбіў Ты праўду ў сэрцы і ўліў у мяне тайную мудрасьць.
9 Акрапі мяне ісопам, і ачышчуся: абмый мяне, і бялей за сьнег адбялюся.
10 Дай мне ўцеху пачуць і радасьць, і ўзрадуюцца косьці, Табою паламаныя.
11 Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і загладзь усе беззаконьні мае.
12 Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа, і дух справядлівы аднаві ўва мне.
13 Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога не адбірай у мяне.
14 Вярні мне радасьць збавеньня Твайго, і Духам Уладным мяне падтрымай.
15 Я навучу беззаконцаў дарогам Тваім, і бязбожныя да Цябе навернуцца.
16 Вызваль мяне ад крывавасьці, Божа, Божа ратунку майго; і язык мой уславіць праўду Тваю.
17 Госпадзе! адкрый вусны мае, і вусны мае прагалосяць славу Табе:
18 бо калі б ахвяры Ты пажадаў, я даў бы яе; цэласпаленьне Табе не падабаецца.
19 Ахвяра Богу - дух упакораны; сэрца ўпакоранае і зьміранае Бог ня зьнішчае.
20 Ушчасьліві, Госпадзе, добрай воляй Тваёю Сіён, і хай паўстануць муры Ерусалімскія.
21 Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньні і цэласпаленьні; тады пакладуць на алтар Твой цялят.