Пс 73
1 Вучэньне Асафава.
Навошта, Божа, назаўсёды Ты нас адкінуў? распаліўся Твой гнеў на авечак пашаў Тваіх?
2 Успомні пра збор Твой, які Ты прыдбаў здавён, пра племя спадчыны Тваёй, якое Ты адкупіў, - пра гэту гару Сіён, на якой Ты пасяліўся.
3 Падымі Твае ногі да вечных руінаў: усё вораг разбурыў у сьвятыні.
4 Рыкаюць ворагі Твае сярод сходаў Тваіх, паставілі знакі свае замест нашых азнакаў;
5 выдавалі сябе падобнымі на таго, хто падымаў сякеру на перавітае вецьце дрэва;
6 і сёньня ўсе рэзьбы ў ім адным разам разьбілі яны сякерамі і бярдышамі;
7 сьвятыню Тваю на вагонь аддалі, сялібу Твайго імя дашчэнту заплямілі;
8 сказалі ў сэрцы сваім: «зруйнуем іх зусім!» - і спалілі ўсе мясьціны Божых сходаў на зямлі.
9 Азнакаў нашых мы ня бачым, няма больш прарока, і няма з намі таго, хто ведаў бы, дакуль гэта будзе.
10 Дакуль, Божа, вораг зьдзек чыніць будзе? ці вечна будзе агуднік імя Тваё ганіць?
11 Навошта ўхіляеш руку Тваю і правіцу Тваю? Зь сярэдзіны ўлоньня Твайго іх панішчы.
12 Божа, Цару мой адвеку, Ты чыніш ратаваньне пасярод зямлі!
13 Ты разьдзяліў сілаю Тваёю мора, Ты патрушчыў галовы зьмеям на водах;
14 Ты струшчыў галаву левіяфану, аддаў яго на ежу народу ў пустыні.
15 Ты выкрасаў паток і крыніцу, Ты высушыў рэкі вялікія.
16 Твой дзень і Твая ноч; падрыхтаваў Ты сьвяцілы і сонца;
17 Ты правёў усе межы зямлі, лета і зіму Ты ўтварыў.
18 Прыгадай жа: вораг Госпада зьневажае, і неразумныя людзі ганяць імя Тваё.
19 Не аддай зьвярам душы Тваёй галубіцы; сходаў убогіх Тваіх не забудзь назаўсёды.
20 Дагледзь запавет Твой, бо цямноты зямлі поўныя жытлішчамі гвалту.
21 Хай ня вернецца прыгнечаны ў сораме; гаротны і ўбогі хай славяць імя Тваё.
22 Паўстань, Божа, абарані дзеі Твае, успомні штодзённае зьневажаньне Цябе неразумнымі;
23 не забудзь крыкаў ворагаў Тваіх; шум паўсталых супроць Цябе ўвесь час падымаецца.