Пс 124
1 Песьня ўзыходжаньня.
Той, хто надзею кладзе на Госпада, як гара Сіён, не захістаецца, стаяцьме вечна.
2 Горы вакол Ерусаліма, а Гасподзь вакол народу Свайго ад сёньня і давеку.
3 Бо не пакіне Гасподзь жазла бязбожных над доляю праведных, каб праведныя не працягнулі рукі свае да беззаконьня.
4 Рабі ж, Госпадзе, добрае добрым і справядлівым у сэрцах сваіх.
5 А тых, што збочваюць на крывыя сьцяжыны свае, хай пакіне Гасподзь хадзіць зь беззаконнымі. Мір на Ізраіля!