КНІГА ЭКЛЕЗІЯСТА
Экл 1
Слова Эклезiяста, сына Давiда, валадара ў Ерусалiме.
Марнасьць марнасьцяў, сказаў Эклезiяст, марнасьць марнасьцяў, усё — марнасьць.
Якая карысьць чалавеку з усёй цяжкай працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам?
Пакаленьне адыходзiць i пакаленьне прыходзiць, а зямля на вякі трывае.
Узышло сонца, i зайшло сонца, i сьпяшаецца на месца сваё, дзе яно ўзыходзiць.
Вецер ідзе на поўдзень i паварочвае на поўнач, кружляючы, кружляе, дзьме вецер і вяртаецца вецер на кружэньне сваё.
Усе рэкi цякуць у мора, і мора не перапаўняецца; да месца, з якога рэкi цякуць, вяртаюцца яны, каб [зноў] адтуль выцякаць.
Усе словы стамляюць, ня можа чалавек выказаць [усяго]. Не насыцiцца вока гляджэньнем, i не напоўнiцца вуха слуханьнем.
Што было, тое i будзе, а што рабілася, тое i будзе рабіцца, i няма нiчога новага пад сонцам.
10  Бывае рэч, пра якую кажуць: “Глядзi, вось гэта новае”, але гэта было ўжо ў вяках, што былі перад намi.
11  Няма памяцi пра тых, што раней жылi, і таксама пра тых, што потым жыць будуць, ня будзе памяці ў тых, якія будуць пасьля іх.
12  Я, Эклезiяст, быў валадаром Iзраіля ў Ерусаліме.
13  І аддаў я сэрца маё, каб шукаць i дасьледаваць з мудрасьцю ўсё, што дзеецца пад небам. Гэты кепскі занятак даў Бог сынам чалавечым, каб былі занятыя iм.
14  Глядзеў я на ўсе справы, якія робяцца пад сонцам; i вось, ўсё — марнасьць i пагоня за ветрам.
15  Крывое ня можна зрабіць простым, і тое, чаго няма, нельга палiчыць.
16  Сказаў я ў сэрцы маiм, кажучы: “Вось, я ўзьвялічыўся i прыдбаў мудрасьцi больш за ўсiх, што былі раней за мяне ў Ерусалiме; і сэрца маё ўбачыла шмат мудрасьцi i веданьня”.
17  І аддаў я сэрца маё, каб пазнаць мудрасьць і пазнаць шаленства i глупоту; і спазнаў, што і гэта — турбаваньне духа.
18  Бо з вялiкай мудрасьцi шмат смутку, і хто павялiчвае веданьне, павялiчвае боль.