Ян 10
 1  Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не дзьвярыма ўваходзіць у авечы двор, але ўлазіць іначай, той злодзей і разбойнік. 
 2  А хто ўваходзіць дзьвярыма, той — пастыр авечак. 
 3  Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць голас ягоны, і ён кліча сваіх авечак па імёнах, і выводзіць іх. 
 4  І калі выведзе сваіх авечак, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць голас ягоны. 
 5  За чужым жа ня пойдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу». 
 6  Гэтую прыказку сказаў ім Ісус, але яны не зразумелі, што такое Ён гаварыў ім. 
 7  Тады ізноў сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што Я — дзьверы авечак. 
 8  Усе, якія прыходзілі раней за Мяне, — злодзеі і разбойнікі, але авечкі не паслухаліся іх. 
 9  Я — дзьверы. Хто ўвойдзе праз Мяне, збаўлены будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе. 
 10  Злодзей прыходзіць, каб толькі ўкрасьці, забіць і загубіць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыцьцё і мелі ўдосталь. 
 11  Я — Пастыр добры. Добры пастыр аддае душу сваю за авечак, 
 12  а найміт, які ня пастыр, для якога авечкі не свае, бачыць, што прыходзіць воўк, і пакідае авечак, і ўцякае, і воўк хапае іх, і разганяе авечак. 
 13  Найміт жа ўцякае, бо ён найміт і ня рупіцца пра авечкі. 
 14  Я — Пастыр добры і ведаю, хто мае, і мае ведаюць Мяне. 
 15  Як Айцец ведае Мяне, і Я ведаю Айца, і душу Маю аддаю за авечак. 
 16  Маю Я і іншых авечак, якія ня з гэтага двара, і іх Я мушу прывесьці. І яны пачуюць голас Мой, і станецца адзін статак і адзін Пастыр. 
 17  За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю душу Маю, каб ізноў узяць яе. 
 18  Ніхто не забірае яе ў Мяне, але Я Сам аддаю яе. Маю ўладу аддаць яе і маю ўладу ізноў узяць яе. Гэтае прыказаньне атрымаў Я ад Айца Майго». 
 19  Тады ізноў стаўся падзел між Юдэямі дзеля гэтых словаў. 
 20  Многія з іх казалі: «Ён мае дэмана і вар’яцее; што вы слухаеце Яго?» 
 21  Другія казалі: «Гэта словы не апанаванага дэманам. Ці ж можа дэман адчыняць вочы сьляпым?» 
 22  І сталася ў Ерусаліме сьвята Абнаўленьня, і была зіма. 
 23  І хадзіў Ісус у сьвятыні ў прысенку Салямонавым. 
 24  Тады абступілі Яго Юдэі і сказалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць душу нашу? Калі Ты — Хрыстос, скажы нам адкрыта». 
 25  Адказаў ім Ісус: «Я казаў вам, і ня верыце; справы, якія Я раблю ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне. 
 26  Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам. 
 27  Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. 
 28  І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць на вякі, і ніхто ня выхапіць іх з рукі Маёй. 
 29  Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто ня можа выхапіць іх з рукі Айца Майго. 
 30  Я і Айцец — адно». 
 31  Тады ізноў Юдэі ўзялі камяні, каб укаменаваць Яго. 
 32  Адказаў ім Ісус: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго. За які з іх хочаце Мяне ўкаменаваць?» 
 33  Юдэі адказалі Яму, кажучы: «Не за добры ўчынак хочам укаменаваць Цябе, але за блюзьнерства, і што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам». 
 34  Ісус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: ‘Вы — богі’ ”? 
 35  Калі Ён назваў багамі тых, да якіх было слова Божае, і ня можа быць парушана Пісаньне, 
 36  як Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: “Блюзьніш”, таму што сказаў: “Я — Сын Божы”? 
 37  Калі Я не раблю ўчынкаў Айца Майго, ня верце Мне. 
 38  Калі ж раблю, калі Мне ня верыце, дык верце ўчынкам Маім, каб спазналі і паверылі, што Айцец у-ва Мне, і Я ў Ім». 
 39  Тады ізноў шукалі схапіць Яго, але Ён выйшаў з рук іхніх 
 40  і пайшоў ізноў за Ярдан, у тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там. 
 41  І многія прыйшлі да Яго, і казалі, што Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, было праўдзівым. 
 42  І многія там паверылі ў Яго.