Ян 11
 1  Быў жа нейкі хворы Лазар з Бэтаніі, мястэчка Марыі і Марты, сястры ейнай. 
 2  А Марыя, якой брат Лазар быў хворы, была тая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Ягоныя валасамі сваімі. 
 3  Дык сёстры паслалі да Яго, кажучы: «Госпадзе! Вось той, з кім Ты сябруеш, нядужы». 
 4  Ісус, пачуўшы, сказаў: «Гэтая нядужасьць не на сьмерць, але на славу Божую, каб Сын Божы быў праслаўлены праз яе». 
 5  А Ісус любіў Марту, і сястру ейную, і Лазара. 
 6  Калі ж пачуў, што той хворы, дык заставаўся два дні ў тым месцы, дзе знаходзіўся. 
 7  Пасьля гэтага кажа вучням: «Пойдзем ізноў у Юдэю». 
 8  Вучні кажуць Яму: «Раббі! Толькі што Юдэі шукалі ўкаменаваць Цябе, і Ты ізноў ідзеш туды?» 
 9  Ісус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзінаў мае дзень? Хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, бо бачыць сьвятло гэтага сьвету, 
 10  а хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо сьвятла няма ў ім». 
 11  Сказаў гэта, і пасьля кажа ім: «Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду пабудзіць яго». 
 12  Сказалі тады вучні Ягоныя: «Госпадзе! Калі заснуў, будзе здаровы». 
 13  Ісус жа гаварыў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сонны супачынак. 
 14  Тады Ісус сказаў ім адкрыта: «Лазар памёр; 
 15  і Я радуюся дзеля вас, што Я ня быў там, каб вы паверылі; але пойдзем да яго». 
 16  Тады Тамаш, называны Блізьнюк, сказаў таварышам-вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці з ім». 
 17  Прыйшоўшы, Ісус знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле. 
 18  Бэтанія ж была блізка ад Ерусаліму, нешта з пятнаццаць стадыяў. 
 19  І шмат Юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі пацешыць іх па браце іхнім. 
 20  Марта, калі пачула, што ідзе Ісус, выйшла напярэймы Яму, а Марыя сядзела ў доме. 
 21  Тады Марта сказала Ісусу: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой. 
 22  Але і цяпер ведаю, што чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог». 
 23  Кажа ёй Ісус: «Уваскрэсьне брат твой». 
 24  Кажа Яму Марта: «Ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрасеньне, у апошні дзень». 
 25  Ісус сказаў ёй: «Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё. Хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе. 
 26  І ўсякі, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ на вякі. Ці верыш гэтаму?» 
 27  Яна кажа Яму: «Так, Госпадзе! Я веру, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у сьвет». 
 28  І, сказаўшы гэтае, пайшла і паклікала цішком Марыю, сястру сваю, кажучы: «Настаўнік прыйшоў і кліча цябе». 
 29  Яна, як толькі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго. 
 30  Ісус жа яшчэ не ўвайшоў у мястэчка, але быў на тым месцы, дзе пераняла Яго Марта. 
 31  Юдэі ж, што былі з ёю ў доме і пацяшалі яе, бачачы, што Марыя хутка ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, кажучы, што ідзе на магілу плакаць там. 
 32  Марыя ж, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала да ног Ягоных, кажучы Яму: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой». 
 33  Ісус, калі ўбачыў, што яна плача і што плачуць Юдэі, якія з ёй прыйшлі, уздыхнуў у духу, і ўсхваляваўся, 
 34  і сказаў: «Дзе вы палажылі яго?» Кажуць Яму: «Госпадзе! Прыйдзі і паглядзі». 
 35  Ісус заплакаў. 
 36  Казалі тады Юдэі: «Глядзі, як Ён любіў яго». 
 37  А некаторыя з іх сказалі: «Ці ня мог Ён, Які адчыніў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?» 
 38  Ісус жа, ізноў уздыхнуўшы ў духу, прыходзіць да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. 
 39  Кажа Ісус: «Падніміце камень!» Кажа Яму сястра нябожчыка, Марта: «Госпадзе, ужо сьмярдзіць, бо ўжо чацьвёрты дзень». 
 40  Кажа ёй Ісус: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, угледзіш славу Божую?» 
 41  Тады паднялі камень, дзе ляжаў нябожчык. А Ісус падняў вочы ўгору і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. 
 42  Бо Я ведаю, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але Я сказаў дзеля натоўпу, які тут стаіць, каб яны паверылі, што Ты паслаў Мяне». 
 43  І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: «Лазар! Выйдзі вонкі!» 
 44  І выйшаў нябожчык са зьвязанымі пахавальнай тканінай нагамі і рукамі, і твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Ісус: «Разьвяжыце яго і дайце хадзіць». 
 45  Тады многія з Юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Ісус, паверылі ў Яго. 
 46  А некаторыя з іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус. 
 47  Тады першасьвятары і фарысэі склікалі сынэдрыён і казалі: «Што нам рабіць? Гэты Чалавек робіць шмат знакаў. 
 48  Калі пакінем Яго гэтак, дык усе павераць у Яго, і прыйдуць Рымляне, і забяруць месца [гэтае] і народ». 
 49  Адзін жа з іх, нехта Каяфа, які быў той год першасьвятаром, сказаў ім: «Вы нічога ня ведаеце, 
 50  і ня думаеце, што карысьней для нас, каб адзін чалавек памёр за народ, чым каб увесь народ загінуў». 
 51  Гэтае ж ён сказаў не ад сябе, але, быўшы той год першасьвятаром, прарочыў, што Ісус мае памерці за народ, 
 52  і ня толькі за народ, але каб і расьцярушаных дзяцей Божых сабраць у вадно. 
 53  Ад гэтага дня яны пастанавілі, каб забіць Яго. 
 54  Тады Ісус ужо не хадзіў адкрыта між імі, але пайшоў адтуль у краіну ля пустыні, у горад, называны Эфраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі. 
 55  Была ж блізка Пасха юдэйская, і з усяго Краю многія ўзыйшлі ў Ерусалім перад Пасхай, каб ачысьціцца. 
 56  Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў сьвятыні, гаварылі між сабою: «Як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята?» 
 57  А першасьвятары і фарысэі далі загад, каб кожны, хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб схапіць Яго.