Бц 35
 1 Бог сказаў Якаву: устань, ідзі ў Вэтыль і жыві там, і спарудзі там ахвярнік Богу, Які явіўся табе, калі ты ўцякаў ад аблічча Ісава, брата твайго. 
 2 І сказаў Якаў дому свайму і ўсім, хто быў зь ім: кіньце багоў чужых, якія ў вас, і ачысьціцеся, і перамянеце вопратку вашую; 
 3 устанем і пойдзем у Вэтыль; там уладжу я ахвярнік Богу, Які пачуў мяне ў дзень бедства майго, і быў са мною на шляху, якім я хадзіў. 
 4 І аддалі Якаву ўсіх багоў чужых, якія былі ў руках у іх, і завушніцы, якія былі ў вушах у іх; і закапаў іх Якаў пад дубам, які непадалёк ад Сіхема. 
 5 І рушылі яны. І была жудасьць Божая на навакольных гарадах, і не перасьледавалі сыноў Якава. 
 6 І прыйшоў Якаў у Луз, што ў зямлі Ханаанскай, гэта значыць, у Вэтыль, сам і ўсе людзі, якія былі зь ім, 
 7 і спарудзіў там ахвярнік, і назваў тое месца: Эль-Вэтыль; бо тут зьявіўся яму Бог, калі ён уцякаў ад аблічча брата свайго. 
 8 І памерла Дэвора, карміцелька Рэбэкі, і пахаваная ніжэй Вэтыля пад дубам, які і назваў Якаў дубам плачу. 
 9 І зьявіўся Бог Якаву пасьля вяртаньня яго зь Месапатаміі, і дабраславіў яго, 
 10 і сказаў яму Бог: імя тваё Якаў; ад сёньня ты ня будзеш называцца Якавам, а будзе імя табе Ізраіль. І даў яму імя: Ізраіль. 
 11 І сказаў яму Бог: Я Бог Усемагутны; пладзіся і множся; народ і мноства народаў будзе ад цябе, і цары пойдуць са сьцёгнаў тваіх; 
 12 зямлю, якую Я даў Абрагаму і Ісааку, Я дам табе, і нашчадкам тваім пасьля цябе дам зямлю гэтую. 
 13 І ўзышоў ад яго Бог зь месца, на якім гаварыў яму. 
 14 І паставіў Якаў помнік на месцы, на якім гаварыў яму Бог, помнік каменны, і выліў на яго выліваньне, і выліў на яго алей; 
 15 І даў Якаў імя месцу, на якім Бог гаварыў яму: Вэтыль. 
 16 І выправіліся з Вэтыля. І калі яшчэ заставалася нейкая адлегласьць зямлі да Эфраты, Рахіль нарадзіла, і роды ў яе былі цяжкія. 
 17 А калі яна пакутавала ў родах, бабка-павітуха сказала ёй: ня бойся, бо гэта табе сын. 
 18 І калі выходзіла зь яе душа, бо яна памірала, дык дала яму імя: Бэноні. Але бацька яго пераназваў яго Веньямінам. 
 19 І памерла Рахіль, і пахавана на дарозе ў Эфрату, гэта значыцца, Віфляем. 
 20 Якаў паставіў над магілай яе помнік. Гэта магільны помнік Рахілі да гэтага дня. 
 21 І выправіўся Ізраіль і паставіў намёт свой за вежаю Гадэр. 
 22 У час, калі Ізраіль быў у той краіне, Рувім пайшоў і пераспаў з Валаю, наложніцаю бацькі свайго. І дачуўся Ізраіль. А сыноў у Якава было дванаццаць. 
 23 Сыны Ліі: першынец Якава Рувім, пасьля яго Сымон, Левій, Юда, Ісахар і Завулон. 
 24 Сыны Рахілі: Язэп і Веньямін. 
 25 Сыны Валы, служанкі Рахілінай: Дан і Нэфталім. 
 26 Сыны Зэлфы, служанкі Ліінай: Гад і Асір. Гэта сыны Якава, якія нарадзіліся яму ў Месапатаміі. 
 27 І прыйшоў Якаў да Ісаака, бацькі свайго, у Мамрэ, Кірыят-Арбу, гэта значыць, Хэўрон, дзе вандраваў Абрагам і Ісаак. 
 28 І было дзён жыцьця Ісаакавага сто восемдзесят гадоў. 
 29 І выпусьціў Ісаак дух і памёр, і прыклаўся да народу свайго, калі ўжо быў стары і насычаны жыцьцём. І пахавалі яго Ісаў і Якаў, сыны ягоныя.