Мк 10
 1  Устаўшы адтуль, прыходзіць у межы Юдэі за Ярданам. І зноў зьбіраецца вакол Яго натоўп, і Ён, як меў звычай, зноў навучаў іх. 
 2  І, падыйшоўшы, фарысэі спыталіся ў Яго, спакушаючы Яго: «Ці можна мужу кінуць жонку?» 
 3  Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «А што загадаў вам Майсей?» 
 4  Яны ж сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць яе». 
 5  І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Дзеля жорсткасьці сэрца вашага напісаў ён вам гэткае прыказаньне. 
 6  Але на пачатку стварэньня мужчынай і жанчынай стварыў іх Бог. 
 7  Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, 
 8  і будуць двое адным целам; дык іх ужо ня двое, але адно цела. 
 9  Што вось Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае». 
 10  І ў доме вучні Ягоныя зноў пра тое самае пыталіся ў Яго. 
 11  І кажа ім: «Хто пакіне жонку сваю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць з ёю. 
 12  І калі жонка пакіне мужа свайго і пойдзе за іншага — чужаложыць». 
 13  І прыносілі дзетак да Яго, каб Ён дакрануўся да іх; вучні ж забаранялі тым, што прыносілі. 
 14  Бачачы гэта, Ісус абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэтакіх ёсьць Валадарства Божае. 
 15  Сапраўды кажу вам: хто ня прыйме Валадарства Божага як дзіця, ня ўвойдзе ў яго». 
 16  І, прытуліўшы іх і ўсклаўшы на іх рукі, дабраславіў іх. 
 17  І калі выходзіў у дарогу, хтосьці, падбегшы і ўпаўшы перад Ім на калені, спытаўся ў Яго: «Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?» 
 18  Ісус жа сказаў яму: «Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог. 
 19  Ведаеш прыказаньні: “Не чужалож”, “Не забівай”, “Не крадзі”, “Ня сьведчы фальшыва”, “Не рабі крыўды”, “Шануй бацьку твайго і маці”». 
 20  А ён, адказваючы, сказаў Яму: «Настаўнік, усё гэта я захаваў ад юнацтва майго». 
 21  Ісус жа, паглядзеўшы на яго, узьлюбіў яго і сказаў яму: «Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною, узяўшы крыж». 
 22  Той жа, спахмурнелы ад гэтага слова, адыйшоўся сумны, бо меў вялікую маёмасьць. 
 23  І Ісус, паглядзеўшы вакол, кажа вучням Сваім: «Як цяжка тым, што маюць грошы, увайсьці ў Валадарства Божае». 
 24  Вучні аслупянелі дзеля словаў Ягоных. Але Ісус зноў кажа ім у адказ: «Дзеці, як цяжка ўвайсьці ў Валадарства Божае тым, хто ўскладае надзею на багацьце. 
 25  Лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае». 
 26  А яны яшчэ больш дзівіліся, гаворачы між сабою: «Хто ж тады можа быць збаўлены?» 
 27  Ісус, паглядзеўшы на іх, гаворыць: «У людзей гэта немагчыма, але ня ў Бога, бо ў Бога ўсё магчыма». 
 28  І Пётар пачаў гаварыць Яму: «Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою». 
 29  Адказваючы, Ісус сказаў: «Сапраўды кажу вам: Няма нікога, хто б пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі дзеля Мяне і дзеля Эвангельля, 
 30  і не атрымаў бы цяпер, у гэты час, сярод перасьледаваньняў, у сто разоў больш дамоў, і братоў, і сёстраў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў будучым веку — жыцьцё вечнае. 
 31  І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі». 
 32  Калі яны былі ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў наперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы за Ім, былі ў страху. І, узяўшы зноў Дванаццаць, пачаў гаварыць ім пра тое, што з Ім мае здарыцца: 
 33  «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім; і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго паганам, 
 34  і будуць зьдзекавацца з Яго, будуць бічаваць Яго і пляваць на Яго, і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне». 
 35  І падыйшлі да Яго Якуб і Ян, сыны Зэбэдэевы, кажучы: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам, пра што будзем прасіць». 
 36  Ён жа сказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?» 
 37  Яны ж сказалі Яму: «Дай нам, каб нам сесьці аднаму праваруч Цябе, а другому — леваруч Цябе ў славе Тваёй». 
 38  Ісус жа сказаў ім: «Ня ведаеце, пра што просіце. Ці ж можаце піць келіх, які Я п’ю, або хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?» 
 39  Яны сказалі Яму: «Можам». Ісус жа сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны. 
 40  Але сесьці праваруч Мяне або леваруч Мяне ня Мне даваць, але каму падрыхтавана». 
 41  І, пачуўшы, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна. 
 42  Ісус жа, паклікаўшы іх, гаворыць ім: «Вы ведаеце, што тыя, якія лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і магнаты іхнія маюць уладу над імі. 
 43  У вас няхай будзе ня гэтак, але хто хоча стацца між вамі большым, няхай будзе служыцелем вашым. 
 44  І хто хоча ў вас стацца першым, няхай будзе слугою ўсіх. 
 45  Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх». 
 46  І прыходзяць у Ерыхон. І калі Ён выходзіў з Ерыхону з вучнямі Сваімі і вялікім натоўпам, сьляпы Бартымей, сын Тымея, сядзеў пры дарозе, жабруючы. 
 47  І, пачуўшы, што гэта Ісус з Назарэту, пачаў крычаць і казаць: «Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!» 
 48  І сварыліся многія на яго, каб замаўчаў, але ён тым мацней закрычаў: «Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!» 
 49  І, спыніўшыся, Ісус сказаў паклікаць яго. І клічуць сьляпога, гаворачы яму: «Будзь пэўны, уставай, кліча цябе». 
 50  Ён, пакінуўшы адзеньне сваё, устаў і прыйшоў да Ісуса. 
 51  І, адказваючы, гаворыць яму Ісус: «Што хочаш, каб Я табе ўчыніў?» Сьляпы сказаў Яму: «Раббоні, каб мне бачыць». 
 52  Ісус жа сказаў яму: «Ідзі, вера твая збавіла цябе». І адразу ён стаў бачыць, і пайшоў за Ісусам па дарозе.