1 Кар 4
 1  Гэтак няхай лічаць нас людзі за паслугачоў Хрыстовых і за аканомаў тайнаў Божых. 
 2  Ад аканомаў жа, урэшце, вымагаецца, каб кожны быў знойдзены верным. 
 3  Для мяне малая [рэч], як судзіце пра мяне вы ці іншыя людзі; але я і сам не суджу сябе. 
 4  Бо хоць нічога ня ведаю за сабою, але ў гэтым я не апраўданы. Госпад — Той, Які судзіць мяне. 
 5  Так што не судзіце перад часам, пакуль ня прыйдзе Госпад, Які і асьветліць схаванае ў цемры, і выявіць намеры сэрцаў; і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога. 
 6  А гэтае, браты, аднёс я да сябе і Апалёса дзеля вас, каб вы ад нас навучыліся ня думаць больш за тое, што напісана, каб не ганарыліся адзін перад адным. 
 7  Бо хто адзначае цябе? Што ты маеш, чаго не атрымаў? А калі атрымаў, нашто хвалішся, як быццам не атрымаў? 
 8  Вы ўжо насыціліся, ужо сталіся багатымі, бяз нас валадарыце. І калі б вы так валадарылі, каб і нам з вамі валадарыць! 
 9  Бо я думаю, што Бог нас, апосталаў, паставіў за апошніх, быццам на сьмерць асуджаных, бо мы сталіся відовішчам для сьвету, для анёлаў і для людзей. 
 10  Мы дурныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы — слабыя, а вы — дужыя; вы — слаўныя, а мы — без пашаны. 
 11  Да цяперашняе гадзіны мы галодныя, і сасмаглыя, і голыя, і б’юць нас, і туляемся, 
 12  і працуем, робячы сваімі рукамі. Зьневажаныя, мы дабраслаўляем; перасьледаваныя, мы церпім; 
 13  абражаюць нас, мы молімся; мы сталіся, як адкіды гэтага сьвету, як сьмецьце для ўсіх да цяпер. 
 14  Не каб пасароміць вас, пішу гэтае, але як улюбёных дзяцей маіх настаўляю. 
 15  Бо хаця вы маеце дзесяць тысячаў выхавацеляў у Хрысьце, але ня шмат бацькоў, бо я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе праз Эвангельле. 
 16  Дык малю вас: будзьце маімі пераймальнікамі. 
 17  Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімафея, які ёсьць дзіця маё ўлюбёнае і вернае ў Госпадзе, які нагадае вам шляхі мае ў Хрысьце, як я паўсюль у-ва ўсякай царкве навучаю. 
 18  А як я не прыходжу да вас, некаторыя ўзганарыліся, 
 19  але я хутка прыйду да вас, калі Госпад захоча, і даведаюся ня словы ганарліўцаў, а сілу, 
 20  бо Валадарства Божае ня ў слове, але ў сіле. 
 21  Што хочаце? [Каб я] з кіем прыйшоў да вас ці з любоўю і духам ціхасьці?